Украінская карпарацыя «Мотор Січ» празь Беларусь супрацоўнічала з буйнымі вайсковымі прадпрыемствамі Ірану. На адным зь іх вырабляліся дроны, якімі цяпер Расея атакуе ўкраінскія гарады.
У прыватнасьці, гаворка пра тры іранскія кампаніі:
- Design and Manufacturing of Aeroengines (скарочана DAMA, іншая яе ж назва — Turbine Engine Manufacturing Industries, скарочана TEM);
- Iran Aircraft Industries (IACI);
- Iran Aircraft Manufacturing Industrial Company (HESA).
Нядаўна Ўкраіна ўключыла ў санкцыйны сьпіс кампанію Design and Manufacturing of Aeroengines, якая ўдзельнічала ў дасьледаваньнях, распрацоўцы і вытворчасьці бесьпілётнікаў Shahed-171.
Як адзначаецца ў расьсьледаваньні праекту Радыё Свабода «Схемы», у чэрвені 2021 году кіраўнік іранскай DAMA Хусэйн Насір сустрэўся з генэральным дырэктарам беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белзьнешпрамсэрвіс» Аляксандрам Кучынскім і кіраўніком дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ўкраінскай карпарацыі «Мотор Січ» Алегам Дзюбам.
Беларуская кампанія выступала ў ролі пасярэдніка-прадаўца. Яна мелася атрымаць рухавікі ад вытворцы — «Мотор Січ», а потым прадаць іх іранцам.
Такім чынам, была створаная схема абыходу заходніх санкцый супраць Ірану.
Украінскія журналісты апублікавалі ліст Аляксандра Кучынскага на імя Хусэйна Насіра, зь якога можна зрабіць выснову, што такая супраца адбывалася з 2012 году. Апроч таго, у лісьце наўпрост адзначаецца, што прамая супраца зь Іранам становіць пагрозу для ўкраінскай карпарацыі, таму мэтазгодна далучыць беларускую дзяржаўную кампанію «Белзьнешпрамсэрвіс» як пасярэдніка.
Беларуская кампанія «Белзьнешпрамсэрвіс» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за гандаль з вайскова-прамысловымі комплексамі Сырыі і Ірану.
Улады Ўкраіны нацыяналізавалі карпарацыю «Мотор Січ», а яе ўласьніка Вячаслава Багуслаева арыштавалі паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы Расеі.
Да кастрычніка 2018 году ўкраінская кампанія «Мотор Січ» валодала 60% акцыяў беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод». У тым жа годзе беларускія ўлады нацыяналізавалі авіярамонтны завод з прычыны «невыкананьня інвэстыцыйнай дамовы».
У лютым 2019 году стала вядома, што ўкраінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.