Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная рада заклікала літоўскія ўлады перагледзець рэдакцыю закону аб візах і працэдурах легалізацыі беларусаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каардынацыйная рада Беларусі апублікавала заяву ў сувязі з законам «Аб абмежавальных захадах у дачыненьні да ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне», прынятым Сэймам Літвы ў першым чытаньні.

У заяве адзначаецца, што Каардынацыйныя рада выказвае ўдзячнасьць Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку дэмакратычных зьмен і правоў чалавека ў Беларусі, аднак, разам з тым, занепакоена законам «Аб абмежавальных мерах у адносінах да ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне», прынятым Сэймам Літвы ў першым чытаньні.

Паводле прадстаўнічага органу дэмакратычнай Беларусі, такі закон значна абмяжоўвае беларусаў у іх правах на перамяшчэньне, магчымасьці атрыманьня візаў і легалізацыi у Літве.

«Беларусы фактычна апынуцца заціснутымі паміж рэжымам і візавымі абмежаваньнямі. Як вынік, іх патэнцыял барацьбы за дэмакратычныя перамены ў Беларусі будзе істотна абмежаваны. Барацьба рэальна магчымая і эфэктыўная толькі тады, калі яна адначасова вядзецца грамадзянамі Беларусі як унутры краіны, так і за яе межамі», — адзначаецца ў заяве.

Рашэньне Сэйму Літвы зьяўляецца праявай успрыманьня беларускай і расейскай грамадзкай думкі як каштоўнасна тоеснай, падкрэсьлілі ў Каардынацыйнай радзе.

У КР спасылаючыся на сацыялягічныя дасьледаваньні Андрэя Вардамацкага, зьвярнулі ўвагу на тое, што ў Беларусі і Расеі грамадзкая думка ў дачыненьні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны істотным чынам адрозьніваецца.

«Каардынацыйная рада асьцерагаецца, што прыняцьце закону ўсталюе разьдзяляльную рысу і антаганізуе каштоўнасна салідарных прадстаўнікоў літоўскага і беларускага грамадзтва. Беларусь праходзіць праз хвалі палітычна матываванай міграцыі, пачынаючы яшчэ з 2020 году, калі дэмакратычна настроенае беларускае грамадства не пагадзілася з фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў, і да гэтага часу працягвае барацьбу, як унутры краіны, так і за яе межамі.

Тысячы беларусаў удзельнічалі ў акцыях пратэсту і зазналі рэпрэсіі за сваю пазыцыю. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца да гэтага часу. Сёньня яны зьвязаны ня толькі з унутрыпалітычнымі пытаньнямі, але і з антываеннай пазыцыяй беларусаў. Паводле ПЦ „Вясна“, да гэтага часу ў Беларусі з палітычных прычынаў, у тым ліку і за адкрытую падтрымку Украіны, затрымліваецца каля 70 чалавек штотыдзень», — гаворыцца ў заяве.

Таксама у КР заявілі, што прыняцьце закону ў Літве, а таксама абмежаваньні ў выдачы візаў з боку Польшчы і іншых краін, могуць стаць істотнай перашкодай у выратаваньні беларусаў ад рэпрэсій і быць успрынятыя як абясцэньваньне іх прынцыповай антываеннай пазыцыі, а таксама як мэсыдж беларусам аб тым, што Эўропа бачыць у іх пагрозу, імкнецца ізаляваць Беларусь і бачыць будучыню Беларусі разам з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG