Чарга празь Берасьце павялічваецца за кошт падоўжаных візаў
Пасьля таго як Польшча закрыла пераход у Баброўніках, плыні разьмеркаваліся паміж польскім пераходам у Берасьці, шэрагам літоўскіх і нават латвійскіх.
23 сакавіка найбольшая чарга, паводле зьвестак Памежнага камітэту Беларусі, на пераходзе «Берасьце — Тарэспаль»: больш за 300 машын. Чарга там вырастае за кошт людзей, якія могуць пераходзіць мяжу толькі праз польскі пункт пераходу. Напрыклад, беларусы з падоўжанымі польскімі візамі. Гэта візы, якія скончыліся, калі чалавек быў на тэрыторыі Польшчы і якія аўтаматычна падоўжыліся да канца эпідэміі каранавірусу ў Польшчы — да 23 жніўня 2023 году. Зь імі нельга выяжджаць у іншыя краіны Эўразьвязу.
Зь літоўскіх самы напружаны пераход цяпер у Беняконях — 110 аўтамабіляў.
Рэйсавыя аўтобусы з Горадні ў Беласток цяпер едуць праз Прывалку (кошт ад 80 рублёў), зь Менску ў Варшаву — празь Берасьце (кошт ад 100 рублёў). Шоп-туры на вялікіх аўтобусах прапануюць з Горадні ў Беласток празь Беняконі за 90 рублёў. Па-ранейшаму рэйсавыя аўтобусы маюць прыярытэт на мяжы і праходзяць хутчэй, чым прыватныя аўтамабілі.
Кошт месца на «падсадку» вырас у 2–3 разы, да 30 даляраў
З нашых суразмоўцаў найбольш у сакавіку правяла ў дарозе Вераніка* (усе імёны зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС), якая ехала з Горадзенскай вобласьці ў Беласток. Шлях заняў 26 гадзін. Апоўдні яны выехалі зь Беластоку. На Прывалцы ўбачылі, што вялікая чарга, і пераехалі да Беняконяў, а гэта плюс 130 кілямэтраў. А чацьвёртай ночы прыехалі дадому.
«Стаялі гадзін пяць бяз руху на літоўскай мяжы. Перад намі было 57 машын, мы за гэты час палічылі. Прапусьцілі нас, толькі калі памянялася зьмена», — расказала беларуска.
Яна ехала машынай з «падсадкай». Кіроўцы і спадарожнікі шукаюць адзін аднаго праз памежныя чаты ў Viber і Telegram. Месца ў машыне цяпер каштуе 20–30 даляраў, да закрыцьця Баброўнікаў было 10. Таксама спадарожнікам прапануюць праехаць бясплатна, але за кошт іхнай вагі. То бок пасажыр едзе бяз рэчаў, а кіроўца дзякуючы гэтаму правозіць 31 кіляграм тавараў — столькі дазволена на чалавека.
Просяць выкласьці ўсё, што «зьвініць», і правяраюць мэталашукальнікам
Жанчына расказала, што пры ўезьдзе ў Беларусь беларускія памежнікі просяць выкласьці ўсе мэталічныя рэчы, якія «зьвіняць», і правяраюць людзей на вуліцы мэталашукальнікам. Пра гэта расказалі і яшчэ некалькі нашых суразмоўцаў. Раней такой працэдуры не было.
«На літоўскай мяжы запыталіся, куды я еду. Зазіраюць у торбы, валізкі, глядзяць, што вязу. У мяне нічога забароненага не было. Беларусы заўжды мяне выпускаюць зь Беларусі лёгка, машыну глядзяць, але ў рэчах ня корпаюцца. Тэлефон у мяне не правяралі», — расказала Вераніка.
Зь ейных словаў, беларускія памежнікі пытаюцца, калі яна апошні раз выяжджала за мяжу. Правяраюць вагу рэчаў.
«На Баброўніках раней быў большы надгляд зь беларускага боку, калі ўяжджаеш у Беларусь. Там былі больш „нарваныя“ мытнікі, адчувалася, што яны і цар і бог на мяжы, яны больш перадузятыя, чым літоўскія», — мяркуе беларуска.
Вераніка заўважае яшчэ адзін момант: амаль усе, хто едзе рэйсавымі аўтобусамі, — гэта людзі 25–50 гадоў.
«Гэта людзі працоўнага ўзросту, якія плацяць падаткі, а яны едуць працаваць у Эўразьвяз. Тыя, хто едзе на „закупы“, едуць на ўласных машынах», — разважае яна.
«Ці не прасілі вас іншыя людзі штосьці перадаць?»
Аляксандра расказала, што на мяжы цяпер дапытваюць людзі ў цывільным. Яна ехала зь Менску ў Варшаву аўтобусам. Зь ейных словаў, на беларускім баку іх падрабязна дапытвалі чалавек восем у цывільным, на іх не было формы памежнікаў ці мытнікаў. Яны прасілі паказаць усе рэчы, дастаць усё адзеньне.
«Задавалі пытаньні: „Што везяце? А што ў гэтай скрыначцы? Куды едзеце? Які канцавы пункт? Навошта едзеце? З кім будзеце сустракацца? Ці не прасілі вас іншыя людзі штосьці перадаць? Ці не плянуеце пайсьці на нейкія акцыі ў Варшаве?“. У адной дзяўчыны, якая сказала, што едзе глядзець славутасьці ў Варшаве, удакладнілі — якія канкрэтна. У некаторых мужчын паглядзелі тэлефоны», — расказвае Аляксандра.
На беларускай мяжы яны прастаялі 8 гадзін. З польскага боку памежнікі выбарачна «прагналі» рэчы праз «тэлевізар» — прыбор, які фатаграфуе торбы. Са словаў беларускі, шмат людзей зь Менску ехалі зь вялікімі валізкамі, пераноскамі з катамі, разьвітваліся з роднымі і плакалі, бо, імаверна, зьяжджалі на доўгі час.
«Памежнік запытаўся, хто каму кім даводзіцца ў машыне»
Алена езьдзіла з Горадні ў Беласток празь Беняконі на аўтамабілі. Усю мяжу яны праходзілі 13 гадзін, дарога цалкам заняла каля 20.
«Прыехалі на мяжу ў адстойнік ноччу. У зоне чаканьня перад намі было больш за 90 машын без уліку тых, што стаялі на „нэўтралцы“. Беларусы то за 2 гадзіны прапусьцілі 19 машын, то за адну гадзіну нікога. Ад чаго гэта залежыць, я ня ведаю. Толькі праз 7 гадзін нас выклікалі праходзіць мяжу. Беларускую мяжу праходзілі хутка, без праблем», — расказвае Алена.
Яшчэ 2 гадзіны яны прастаялі на нэўтральнай тэрыторыі. З назіраньняў беларускі, літоўцы на мяжы вельмі павольна працавалі. Да таго ж, яна мяркуе, тыя да беларусаў маюць перадузятае стаўленьне — як да людзей з «трэцяга сьвету». Падобнае яна адчувала і да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
«Працэдура праходжаньня пашпартнага кантролю простая. Самае складанае — гэта зона чаканьня. Калі літоўцы праходзілі мяжу, адчувалася іншае стаўленьне, да іх хутка выходзілі. Кіроўца, зь якім я ехала, аднойчы нязначна праехаў стоп-лінію. Літоўскі памежнік дэманстратыўна вывеў таго з машыны і пачаў на яго крычаць», — успамінае суразмоўца.
Літоўскія памежнікі пры ўезьдзе ў Літву запыталіся, колькі беларусы маюць з сабой грошай, куды едуць і як надоўга.
На зваротнай дарозе з Польшчы ў Беларусь чакаць на літоўскай мяжы давялося 7 гадзін, перад тым як заехаць за шлягбаўм. Агулам праходжаньне мяжы заняло 10 гадзін.
«Літоўскі мытнік папрасіў загадзя ўсе набытыя тавары падрыхтаваць, каб не зацягваць чаргу. Беларусы абшуквалі мэталашукальнікам. Гэтага раней не было. Беларускі мытнік таксама папрасіў дастаць увесь тавар і ўзважваў. Запытаўся, хто каму кім даводзіцца ў машыне», — расказвае Алена.
Дзяўчына заўважыла на мяжы ў Беняконях пры ўезьдзе ў Беларусь адзін рэйсавы аўтобус з Баранавічаў, яго прапусьцілі хутка. Прыехаў і аўтобус на берасьцейскіх нумарах, які вазіў людзей на шоп-тур.
«Берасьцейскі аўтобус паехаў на чырвоны канал. Яны заехалі на мяжу а 9 гадзіне вечара, а 9 гадзіне ранку выехалі зь яе. Усе пасажыры афармлялі тавары на „ваты“», — расказвае яна.
«За кошт закрытых Баброўнікаў дарога вырасла на 3–4 гадзіны»
Беларус Сяргей раней, пры яшчэ адкрытых Баброўніках, здолеў праскочыць у Польшчу за 5 гадзін агульнай дарогі. Цяпер ягоны шлях зь Менскай вобласьці ў Беласток празь Беняконі заняў каля 20 гадзін, праходжаньне мяжы — каля 12.
«За кошт закрытых Баброўнікаў дарога вырасла на 3–4 гадзіны, плюс павялічылася нагрузка на памежныя пераходы, таму наўрад ці хуценька атрымаецца праскочыць», — камэнтуе ён.
Сяргей сочыць за сайтам Памежнага камітэту і выбірае, дзе меншая чарга, праз той пераход і едзе. Таксама арыентуецца па памежных групах у сацсетках, дзе выкладаюць актуальную інфармацыю.
«У мяне беларускія памежнікі і мытнікі нічога не пыталіся, нічога не правяралі. Усіх, хто побач ехаў, таксама не правяралі. Літоўскія памежнікі пыталіся, куды я еду», — расказвае ён пра свой досьвед.
Паводле ягоных назіраньняў, лепш за ўсё ехаць у Польшчу ў сярэдзіне тыдня, а на ўікэнд чэргі найбольшыя.
«Усе правяраюць хутка, усе разумеюць, што чэргі. Няма адчуваньня, што беларусы або літоўцы наўмысна марудзяць, усе сьпяшаліся, каб хутчэй чарга прайшла», — падсумоўвае ён.