Па інфармацыі «Вясна Брэст», 22 сакавіка ў Пінску сілавікі затрымлівалі людзей. Праваабаронцам вядомыя прозьвішчы траіх затрыманых, але, магчыма, іх больш. Паколькі сілавікі не мясцовыя і спыніліся начаваць у пінскім гатэлі, актывісты чакаюць працягу «рэйду» сёньня, адзначаюць праваабаронцы.
Таксама праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з затрыманьнем на працы двух жыхароў Горадні за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вядома, што на горадзенцаў склалі пратаколы і адправілі ў ІЧУ.
Тэлеграм-канал «Флагшток — Гомельшчына» паведаміў, што гомельская міліцыя апублікавала відэа 7 чалавек, такім чынам паведаміла аб новых палітычных затрыманьнях у Гомлі, Мазыры і Калінкавічах.
Аднаго з затрыманых грамадзян міліцыянты абвінавацілі ў «нэгатыўным стаўленьні да расейскіх вайскоўцаў», усіх астатніх — у выяўленьні неляяльнасьці рэжыму Лукашэнкі.
У Воршы за некалькі дзён затрымалі і адміністрацыйна асудзілі каля двух дзясяткаў чалавек.
Прычына — пасты ў сацыяльных сетках, паведамляе «Віцебская Вясна».
Усім затрыманым мужчынам аршанскія судзьдзі прызначылі адміністрацыйны арышт ад 10 да 15 сутак, а кожную жанчыну штрафавалі аднолькава, на 1850 рублёў.
Вядома, што першым, хто трапіў пад рэпрэсіі, быў сябра аргкамітэта па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксандар Школьнікаў. Сілавікі таксама правялі ператрус у ягонай кватэры. Аляксандар інвалід па зроку, аднак да суду міліцыянты адправілі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Суд арыштаваў Школьнікава мінімум на 10 сутак.