1,5 года калёніі за камэнтар у працоўным чаце
У судзе Астравецкага раёну асудзілі Паўла Дубава паводле арт. 370 («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Дзьмітры Багдановіч прызначыў Паўлу 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у карпаратыўнай суполцы адной з сацыяльных сетак буйной кампаніі грузаперавозак напісаў камэнтар на беларускай мове, у якім патлумачыў, што «наш сьцяг бела-чырвона-белы», а афіцыйны назваў «усходам сонца над балотам».
Вядома, што Павал напісаў камэнтар, калі знаходзіўся ў Заходняй Эўропе падчас рэйсу, пасьля якога вярнуўся ў Беларусь.
Затрыманьні на Гомельшчыне
У гомельскіх пабліках, зьвязаных зь сілавікамі, зьявіліся відэа з жыхарамі горада і вобласьці, зьнятыя пад прымусам сілавікоў. Затрыманых абвінавачваюць у «неляяльным стаўленьні» да рэжыму Лукашэнкі і «нэгатыўным стаўленьні» да расейскіх вайскоўцаў, піша «Флагшток».
Зь відэа вядома пра 7 затрыманых. Праваабаронцам стала вядома, што сярод іх гамельчукі Аляксандар Тарасевіч і Вераніка Ніколкіна, а таксама мазыране Мікалай Пышнік і Кірыл Гамаюнаў. На самай справе колькасьць затрыманых можа быць большай, адзначаюць праваабаронцы.
Мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі за сарваны дзяржаўны сьцяг
20 сьнежня 2022 году ў судзе Цэнтральнага раёну Менску вынесьлі прысуд Дзьмітрыю Герасімовічу. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК («Зьнявага дзяржаўных сымбаляў») і прысудзілі 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Прысуд агучыў судзьдзя Дзьмітры Карсюк.
Паводле абвінавачаньня, Герасімовіч зьняважыў дзяржаўны сьцяг тым, што ў стане алькагольнага ап’яненьня пацягнуў яго за палатніну і скінуў на зямлю. Пасьля гэтага сьцяг пашкодзіўся, а ягонае дрэўка паламалася. Маёмасную шкоду арганізацыі, на чыім будынку вісеў сьцяг, ацанілі ў 89 рублёў — менавіта столькі абвінавачаны мусіць выплаціць у якасьці кампэнсацыі.
Пра здарэньне міліцыі паведаміў адміністратар караоке-бара, які знаходзіўся побач з будынкам. У судзе ён расказаў, што ўбачыў, як Герасімовіч падняў галаву, паглядзеў на палатніну дзяржаўнага сьцяга і пацягнуў за яе.
1,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
У судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі Сяргея Саўкіна паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), піша «Вясна». Судзьдзя Анастасія Ачалава прызначыла Сяргею 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстнай акцыі ў Менску восеньню 2020 году. Паводле абвінавачаньня, ён ішоў разам з пратэстоўцамі ад Стэлы па праспэкце Машэрава, потым па вуліцы Максіма Багдановіча і дайшоў да плошчы Бангалор. Сяргея апазналі па фатаздымках з пратэстаў, якія сілавікі знайшлі ў ягоным мабільным тэлефоне. Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым.