У інтэрвію Свабодзе экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар паставіў пад сумнеў сапраўднасьць гэтага відэа. Ён перакананы, што КДБ апублікаваў пастаноўку.
«Нават калі паглядзець відэа непрафэсійным вокам, то бачна, што там працуе баявая група. Там выбухае «чэшка», гэта не баявая граната, ані абарончая, ані наступальная. Далей мы бачым, што ў кватэры парадак, падлога паркетная, а далей выбух на кухні — і там звычайная падлога, якая выкарыстоўвалася ў старых дамах. Група затрыманьня стаіць каля дзьвярэй, яны глядзяць у тэлескоп, і выбухае граната. Але граната падрываецца каля ўваходных дзьвярэй. А пасьля паказваюць, што граната выбухнула ў кухні. Атрымліваецца, што чалавек кінуў сам пад сябе гранату. З уласнага досьведу скажу, што калі мы ехалі на затрыманьне небясьпечнага злачынцы, група была ўся, а не 2–3 асобы, зь вялікімі шчытамі. На відэа мы бачым кароткі шчыт, гэта парушэньне інструкцый. І група затрыманьня была няпоўная», — кажа Ігар Макар.
Дзяржаўны канал 21 сакавіка паказаў відэа нібыта спэцапэрацыі ў Горадні, падчас якой затрымлівалі чалавека, які, зь іхных словаў, «плянаваў тэракт». Паводле прапагандысцкага каналу АТН, ён меў фальшывы расейскі пашпарт, дзе быў пазначаны 1981 год нараджэньня.
Са словаў вядоўцы, пры затрыманьні мужчына пачаў страляць з аўтамата Калашнікава і кінуў гранату, сілавікі таксама пачалі страляць, мужчыну паранілі, па дарозе ў шпіталь ён памёр. Раней БелТА заяўляла пра «ліквідацыю» (на мове сілавікоў гэта значыць забойства).