Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная тэлевізія паказала відэа пра забойства ў Горадні. Лукашэнка назваў працу спэцслужбаў «бліскучай»

абноўлена

Скрыншот зь дзяржаўнага тэлеканалу, на якім нібыта забіты іншаземец
Скрыншот зь дзяржаўнага тэлеканалу, на якім нібыта забіты іншаземец

Лукашэнка 21 сакавіка на чарговай нарадзе зь сілавым блёкам пракамэнтаваў «нэўтралізацыю іншаземнага тэрарыста» ў Горадні, паведамляе БелТА.

Дзяржаўны канал паказаў відэа нібыта спэцапэрацыі ў Горадні, падчас якой затрымлівалі чалавека, які, зь іхніх словаў, «плянаваў тэракт». Паводле прапагандысцкага каналу АТН, ён меў падроблены расейскі пашпарт, дзе быў пазначаны 1981 год нараджэньня.

Са словаў вядоўцы, пры затрыманьні мужчына пачаў страляць з аўтамата Калашнікава і кінуў гранату, сілавікі таксама сталі страляць, мужчыну паранілі, па дарозе ў шпіталь ён памёр. Раней БелТА заяўляла пра «ліквідацыю» (на мове сілавікоў гэта значыць забойства).

Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка чарговым разам сабраў сілавікоў. Як паведаміла ягоная прэс-служба, тэмы нарады, на якую запрасілі кіраўніцтва органаў пракуратуры Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, Сьледчага камітэту, КДБ, МУС, Мінабароны, МНС, Дзяржаўнага памжнага камітэту, ДМК, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, судоў агульнай юрысдыкцыі, кіраўнікі рэгіёнаў, — вонкавыя і ўнутраныя пагрозы.

Лукашэнка згадаў інцыдэнт у Горадні. Ён назваў працу спэцлужбаў у гэтай апэрацыі «бліскучай».

«Канфіскаваны цэлы арсэнал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для „гучных“ тэрактаў у дачыненьні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў», — цытуе Лукашэнку БелТА.

«За што малайцы нашы хлопцы — пры такой вострай сытуацыі, калі з боку тэрарыстаў прымяняліся гранаты і зброя, не загінуў ніводзін супрацоўнік групы „Альфа“. Добрая апэрацыя, добрая праца», — сказаў ён.

Падрабязнай інфармацыі аб здарэньні, пра якое стала вядома 19 сакавіка, дагэтуль няма. Невядомым застаецца грамадзянства чалавека, якога нібыта забілі беларускія сілавікі каля вуліцы Курчатава ў Горадні. Таксама пакуль незразумела, якім чынам спэцслужбы вылічылі яго і чаму вырашылі затрымаць.

Таксама сёньня ўлады выказаліся пра падзеі ў Мачулішчах і атаку на расейскі вайсковы самалёт.

«Садзейнічаньне ўкраінцу, які арганізаваў тэракт у Мачулішчах, аказвалі нашы зьбеглыя і самарадыкалізаваныя грамадзяне», — заявіў намесьнік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG