Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады дагэтуль баяцца Tut.by і што б зрабіў Зісер. Адказвае адзін з заснавальнікаў Tut.by Кірыл Валошын


Людміла Чэкіна і Марына Золатава
Людміла Чэкіна і Марына Золатава

Жорсткі прысуд кіраўніцам Tut.by як помсту найбольш папулярнаму незалежнаму мэдыя камэнтуе адзін з заснавальнікаў і ўласьнікаў Tut.by Кірыл Валошын.

Ён абвяргае прапагандыстаў з БТ, называе суму, якую выплацілі ўладам заснавальнікі Tut.by, а таксама выказвае меркаваньне, што б сказаў і зрабіў стваральнік парталу Юры Зісер.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— Судзьдзя Валянціна Зянькевіч прысудзіла былой галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генэральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай па 12 гадоў калёніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэньняў. Таму сутнасьць абвінавачваньняў, прад’яўленых Золатавай і Чэкінай, невядомая. Што і каго хавалі ўлады на закрытым працэсе?

— Няма ніякай рэальнай фабулы ў справе. Няма ніякіх сьведчаньняў таго, што тое, у чым іх абвінавачваюць, адбывалася насамрэч. Фільм, паказаны па БТ, — яшчэ адно пацьверджаньне. Усё нацягнутае, прыдуманае, прыкрашанае, з прапагандысцкай фігнёй пра экстрэмісцкую накіраванасьць выказваньняў. Нічога з выстаўленых абвінавачаньняў ня мае пад сабой ніякіх падставаў.

— Партал Tut.by працаваў у Беларусі больш за 20 гадоў. У траўні 2020 году Tut.by пабіў агульнанацыянальны рэкорд: 176 мільёнаў наведваньняў цягам месяца на ўсе старонкі сайту. У апошнія дні перад закрыцьцём сайт наведвалі 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у дзень — кожны трэці жыхар Беларусі. У кампаніі працавалі каля 260 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайта. Чаму ўлады дагэтуль баяцца Tut.by (пра гэта сьведчаць як вялікія тэрміны, так і рухі прапагандыстаў)?

— Справа ня ў страху перад Tut.by, справа ў банальнай помсьце, банальным распараджэньні аднекуль, справа ў страху тых, хто цяпер апынуўся ва ўладзе, перад непазьбежнымі зьменамі, якія прывядуць частку зь іх у турму, а частку ў Расею ці Турэччыну, адкуль іх ня выдадуць. Акрамя таго, што гэта страх і помста, гэта паказальная справа, як і многія іншыя. Такі маячок тым, хто працягвае асьвятляць падзеі ў Беларусі з-за мяжы, маячок тым, хто хоча нешта рабіць незалежнае, што супярэчыць афіцыйнай «лініі партыі».

— Я б не хацела ўсур’ёз камэнтаваць працу прапагандыстаў, прысьвечаную парталу, якую яны абнародавалі напярэдадні прысуду. І, натуральна ня буду камэнтаваць тое, што казалі вашы калегі пад прымусам. Але ці маглі б вы абвергнуць відавочную няпраўду, агучаную прапагандыстамі? У тым ліку самую відавочную, што Tut.by ня меў сваіх распрацовак, але імкнуўся ў Парк высокіх тэхналёгій.

— Гэта «трызьненьне сівой кабылы». Вы можаце сабе ўявіць, што такое самы папулярны ў краіне партал? У ім кампактна, але прысутнічаў штат распрацоўнікаў. Часам ён дасягаў 30 чалавек, і разьдзел «Куплю.Tut.by» распрацоўваўся з 2012 году. Сотні тысяч радкоў коду, дзясяткі тысяч камэнтароў, напісаных мэнэджарамі, праграмістамі. Там вялікага розуму ня трэба і праграмісцкай адукацыі, каб зразумець, што праграмнае забесьпячэньне распрацавана намі, што ўступленьне ў ПВТ было абсалютна законным.

— Як вы мяркуеце, што б мог сказаць сёньня стваральнік Tut.by Юры Зісер, якога ўжо амаль тры гады няма з намі?

— Я думаю, што Юры не перажыў бы разгром, ці ў яго здарылася б, калі б ня здарылася раней, анкалягічная хвароба, якая б яго да сёньняшняга прысуду ўжо зьвяла ў магілу. Напэўна, ён бы сказаў, калі б быў жывы (уласна, ён заўсёды так казаў), што самае важнае ў нашай кампаніі — гэта людзі, і былыя акцыянэры Tut.by гатовыя за гэтых людзей, умоўна кажучы, закласьці яшчэ нейкую колькасьць грошай для таго, каб яны апынуліся на свабодзе.

— Што б вы сказалі Марыне і Людміле, калі б яны маглі вас пачуць?

— Мы вельмі вас чакаем. Мы вас вельмі любім. Мы хочам, каб як мага хутчэй гэта скончылася для вас. Мы вельмі ганарымся тым, як вы сябе паводзіце, што вы не зламаныя, што вы ўсьміхаецеся, што вы не прызналі выстаўленыя вам недарэчныя абвінавачаньні. Мы ўдзячныя вам за тыя гады, якія вы працавалі, сталі акцыянэрамі. Ваш розум, ваша энэргія, ваша прынцыповасьць прынесьлі многа славы гэтай краіне, парталу і шмат карысьці дэмакратычнаму руху Беларусі. І так ці інакш гэта ўсё прывядзе да перамогі дэмакратыі ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG