«Улады традыцыйна вырашылі разьбіць люстэрка, а не выпраўляць жахлівую беларускую рэчаіснасьць, якая ў ім карэктна і прафэсійна адлюстравана. Паказальна, што на месцы TUT.BY паўстаў новы медыяпраект „Зеркало“ („Люстэрка“), які працягнуў працу папярэднікаў, нягледзячы на рэпрэсіі», — гаворыцца з заяве БАЖ.
У арганізацыі нагадалі, што сёньня за кратамі знаходзіцца 36 мэдыяпрацаўнікоў. Па колькасьці супрацоўніц мэдыя, які пазбаўленыя волі, згодна з Рэпарцёрамі бязь межаў, Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў сьвеце.
«Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызваленьня Марыны Золатавай, Людмілы Чэкінай і ўсіх прадстаўнікоў і прадстаўніц мэдыя, якіх на сёньня трымаюць за кратамі. Je suis TUT.BY! Журналісты — не злачынцы!», — падкрэсьлілі ў БАЖ.
Сьвятлана Ціханоўская: «Чарговая спроба рэжыму забіць сумленную журналістыку ў Беларусі»
Дэмакратычная лідэрка Беларусі таксама пракамэнтавала прысуды прадстаўніцам Tut.by.
«Сёньня галоўную рэдактарку і гендырэктарку TUT.by асудзілі да 12 гадоў калёніі. Ведаеце, да 2020 года TUT.by быў для мяне проста сайтам, дзе я кожны дзень чытала навіны. Ужо пазьней я пазнаёмілася зь людзьмі, якія яго робяць, убачыла, як журналісты і рэдактары стаяць адно за аднаго. І як прадстаўнікі ўсіх беларускіх мэдыяў падтрымліваюць калегаў падчас цяжкасьцяў. Вядома, прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай — гэта чарговая спроба рэжыму забіць сумленную журналістыку ў Беларусі», — заявіла Ціханоўская і адзначыла, што гэта асабістая помста цудоўным жанчынам і вялікім прафэсіяналкам.
«Сёньня я б вельмі хацела абняць іх блізкіх і сказаць: „Паглядзіце, як адбудавалі працу вашыя калегі“. Як тыя, каго Марына і Міла бралі на працу і вучылі, працягваюць іх справу. Як не губляюць моц духу журналісты — і робяць мерч „ва ўсім вінаваты TUT.by“, калі ў чарговы раз рэжым абвінавачвае іх ва ўсіх бедах нашай краіны. Я бачу гэтую працу, бачу вочы людзей, якія за ёй стаяць. І абсалютна не сумняюся ў тым, што ўсе каштоўнасьці Мілы і Марыны — перамогуць, а яны, нарэшце, выйдуць на волю. А пакуль сьвет не можа чуць іх саміх — мы будзем іх галасамі».
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.