Марына Золатава ня першая жанчына ў сям’і, якая за сваю працу і перакананьні трапляе на «Валадарку», у самае вядомае СІЗА ў Беларусі, разьмешчанае ў старым замку ў цэнтры Менску, піша DW. У гады Другой сусьветнай вайны там знаходзілася яе прабабуля. Лекарка Алена Нікалаева правяла ў замку падчас акупацыі Менска некалькі месяцаў, Марына Золатава ў мірны час — ужо больш за паўтара года.
Алена Нікалаева: у гады вайны была галоўным доктарам лякарні для сірот
Ужо падчас вучобы ва ўнівэрсытэце Алена Нікалаева працавала прыват-лекарам па барацьбе з эпідэміямі тыфу і халеры. А пасьля заканчэньня ВНУ ўдзельнічала ў стварэньні катэдры нармальнай фізіялёгіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На сайце БДМУ апублікавана кароткая біяграфія лекаркі: у 1937-м атрымала ступень кандыдата мэдыцынскіх навук, у гады вайны ўзначальвала лякарню для сірот, удзельнічала ў партызанскім і падпольным руху, у гэты ж час былі згубленыя яе напрацоўкі для доктарскай дысэртацыі. Пасьля вайны Алена Нікалаева была загадчыцай катэдры мэдунівэрсытэту, напісала больш за 50 навуковых прац.
На сайце мэмарыяльнага комплексу гісторыі Галакосту «Яд Вашэм» пра Алену Нікалаеву расказвае Давід Таўбкін, чые родныя ў гады вайны жылі ў Беларусі. Сямʼю адправілі ў Менскае гета, і калі стала зразумела, што рыхтуецца зьнішчэньне яго жыхароў, маці хлопчыка зьвярнулася да Алены Нікалаевай.
«Алена Іванаўна лічылася адным з найлепшых лекараў у Менску (...), пагадзілася дапамагчы, хоць разумела, на якую рызыку ідзе, таму што за хаваньне габрэйскага дзіцяці ёй пагражала сьмяротная небясьпека, — расказвае ў сваіх успамінах Давід Таўбкін. — Мяне зьмясьцілі ў палату і аформілі мэдыцынскую картку на імя Віктара Савіцкага, беларуса. Алена Іванаўна патлумачыла, каб я моцна запомніў легенду пра беларускае паходжаньне і ні пры якіх абставінах і праверках не прызнаваўся, што я габрэй».
У лякарні Давід Таўбкін правёў больш за месяц — часам яго, падчас інспэкцый і праверак, пераводзілі ў інфэкцыйны ізалятар.
«Ніхто на мяне і іншых, якія хаваліся, не данёс — мне думаецца, дзякуючы аўтарытэту, якім карысталася Алена Іванаўна сярод пэрсаналу, і той маральнай абстаноўцы, якую ёй атрымалася там стварыць», — піша ён.
Празь некаторы час хлопчыка адправілі ў дзіцячы дом, але пасьля некалькіх месяцаў зноў вярнулі ў лякарню:
«Я ня быў хворы; думаю, маімі перамяшчэньнямі кіравала Алена Іванаўна Нікалаева, даведаўшыся, што ў дзіцячы дом павінна прыехаць камісія і мне пагражае небясьпека выкрыцьця. Працуючы ў лякарні, Алена Іванаўна хавала шмат габрэйскіх дзяцей».
Па зьвестках Таўбкіна, Нікалаева таксама перадавала лекі партызанам. Родныя жанчыны гавораць, што яе папярэдзілі аб арышце, які рыхтуецца, яна спрабавала зьехаць зь Менску, аднак была затрыманая і трапіла ў замак на вул. Валадарскага (СІЗА «Валадарка». — Рэд.). Празь некалькі месяцаў яе адправілі на прымусовую працу ў Нямеччыну. У Менск Алена Нікалаева вярнулася толькі ў 1945 годзе. Яна пражыла 95 гадоў.
Марына Золатава: прабабуля ганарылася б праўнучкай
«Подзьвіг Марынінай прабабулі для нашай сямʼі сьвяты, як і подзьвіг народу, які перамог фашызм, — кажа муж Марыны Золатавай Васіль Кішкурна. — Не сумняваюся, што прабабуля Алена ганарылася б сваёй праўнучкай».
Васіль расказвае, што Марына «заўсёды была ярка выяўленай грамадзкай актывісткай». Золатава прыйшла ў беларускую журналістыку яшчэ студэнткай, у 19 гадоў. Ужо ў 2004 годзе стала галоўным рэдактарам Tut.by, які ў той момант быў хутчэй агрэгатарам навін, а не папулярным нацыянальным СМІ.
У апошнія ж гады працы на партале выходзілі да 200 матэрыялаў у дзень, была арганізавана свая відэаслужба, а сацсеткі былі лідэрамі сярод беларускіх мэдыя ў колькасьці падпісчыкаў. Вялікая заслуга Tut.by была ў тым, што пры такіх ахопах і колькасьці публікацый ён змог выйграць канкурэнцыю з расейскімі СМІ, якія доўгі час у Беларусі заставаліся папулярнейшымі за мясцовыя.
Адна з калегаў Марыны расказвае, што Золатава заўсёды лічыла: важна гаварыць пра ўсё, што адбываецца ў краіне, шукаць мясцовых герояў, весці грамадзкія дыскусіі; яна верыць, што толькі ад саміх людзей залежыць, якім будзе жыцьцё ў Беларусі.
Празь месяц пасьля затрыманьня Марына Золатава напісала ў лісьце калегам аб сваёй прабабулі:
«Першае, што я падумала, калі мы сюды (у СІЗА. — Рэд.) трапілі, што мая прабабуля падчас акупацыі сядзела вось тут, у падвале на Валадарцы. І калі нас вядуць на шпацыр па скляпеністым падвале, я ўспамінаю яе аповеды і думаю: ці ня той гэта склеп? Яна цудам пазьбегла сьмерці, яе павінны былі расстраляць. Потым пагналі ў палон. Але яна вярнулася дадому, і мы вернемся».
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.