Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвінаваціла Ўкраіну ў намеры захапіць Прыднястроўе. У Малдове зьняпраўдзілі


Прэзыдэнцкі палац у Кішынёве, Малдова. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнцкі палац у Кішынёве, Малдова. Ілюстрацыйнае фота

Міжнародныя экспэрты перакананыя, што Расея актывізуе свае намаганьні падарваць малдоўскую дзяржаву.

Міністэрства абароны Расеі а пятай раніцы 23 лютага паведаміла аб нібыта падрыхтоўцы Украінай «узброенай правакацыі супраць Прыднястроўя» з выкарыстаньнем «нацыяналістычнага фармаваньня „Азоў“».

«У якасьці нагоды для ўварваньня плянуецца інсцэнаваньне нібыта наступу расейскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя. Для гэтага ўкраінскія дывэрсанты, якія будуць удзельнічаць у пастановачным уварваньні, будуць апранутыя ў форму вайскоўцаў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расеі.

У Малдове заклікалі сваіх грамадзян да спакою

Урад Малдовы заклікаў грамадзян не рэагаваць на распаўсюджаную Міністэрствам абароны Расеі інфармацыю і давяраць інфармацыі толькі з афіцыйных і правераных крыніц малдоўскай дзяржавы.

«Дзяржаўныя ўлады не пацьвярджаюць інфармацыю, распаўсюджаную сёньня раніцай Міністэрствам абароны Расеі. Заклікаем да спакою і атрыманьня інфармацыі з афіцыйных і правераных крыніц Рэспублікі Малдовы. Нашыя ведамствы супрацоўнічаюць з замежнымі партнэрамі, і ў выпадку пагрозы для краіны грамадзтва будзе тэрмінова праінфармавана», — заявілі ва ўрадзе Малдовы.

Інстытут вывучэньня вайны: для наступу на Малдову ў Расеі няма рэсурсаў

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што скасаваньне расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным свайго ўказу «Аб захадах у рэалізацыі замежнапалітычнага курсу Расейскай Фэдэрацыі» не азначае плянаў Расеі напасьці на Малдову.

У гэтым указе, падпісаным у 2012 годзе, выкладалася пазыцыя Расеі адносна ўрэгуляваньня прыднястроўскага канфлікту ў Рэспубліцы Малдова. Разам з усім указам Пуцін адмяніў палажэньне аб тым, што Расея «працягне актыўна ўдзельнічаць у пошуку шляхоў вырашэньня прыднястроўскай праблемы на аснове павагі сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і нэўтральнага статусу Рэспублікі Малдова, з вызначэньнем асаблівага статусу Прыднястроўя».

«Скасаваньне ўказу 2012 году ня сьведчыць аб намеры Пуціна напасьці на Малдову — для гэтага ў яго не хапае вайсковага патэнцыялу. Але гэта паказвае на эскаляцыю яго працяглых намаганьняў падарваць малдоўскую дзяржаву», — перакананыя экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.

Уладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўразьвязу 9 лютага, заявіў, што Кіеў «перахапіў плян зьнішчэньня Малдовы», складзены расейскай выведкай, і перадаў яго ў Кішынёў. Пазьней Служба выведкі і бясьпекі Малдовы пацьвердзіла, што атрымала інфармацыю аб гэтым пляне.

13 лютага прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG