Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полк Каліноўскага: не валодаем інфармацыяй, што да нашых сваякоў прыходзілі сілавікі


Байцы палку імя Кастуся Каліноўскага, Украіна (архіўнае фота)
Байцы палку імя Кастуся Каліноўскага, Украіна (архіўнае фота)

У палку лічаць, што МУС Беларусі адпаведнымі заявамі спрабуе запалохаць тых, хто дапамагае беларускім добраахвотнікам ці зьбіраецца далучыцца да іх шэрагаў.

Полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ва Ўкраіне супраць Расеі, не валодае інфармацыяй пра тое, што сваякамі байцоў у Беларусі цікавіліся сілавікі, паведамілі BPN у прэс-службе вайсковага фармаваньня.

У палку лічаць, што Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сваімі заявамі спрабуе запалохаць тых, хто дапамагае беларускім добраахвотнікам ці зьбіраецца далучыцца да іхных шэрагаў:

«Не было інфармацыі, што да кагосьці са сваякоў прыходзілі, ці байцы проста не паведамляюць, — зазначае прэс-служба палку. Прычыны, па якіх гэта пачалі рабіць, стандартныя: запалохаць тых, хто зьбіраецца ў полк, выматаць нэрвы тых, хто ўжо тут, таму што Лукашэнка і кампанія вельмі баяцца самі».

Полк упэўнены, што пагрозы МУС ня будуць мець посьпеху:

«Людзі, якія прыйшлі ў полк, усьведамлялі магчымасьць такой небясьпекі. Эфэктыўнасці гэтай тактыкі няма, зьяўляецца толькі больш матываванасьці, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь і зрынуць гэты злачынны рэжым тэрору і беззаконьня», — падкрэсьліў прадстаўнік прэс-службы палку.

14 сакавіка начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка заявіў, што полк Каліноўскага і «іншыя ўзброеныя фармаваньні» «выношваюць пляны па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі»:

«У нашай краіне ў баевікоў засталіся сувязі (у шэрагу выпадкаў сваякі і знаёмыя). Яны зафіксаваныя і сыстэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасьці ўнутры краіны і аказаньня садзейнічаньня замежным радыкальным ініцыятывам».

У лістападзе мінулага году супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС разграмілі кватэру сьпікера палку Каліноўскага Крысьціны «Чабор» Станкевіч, а пазьней — кватэру яе мужа.

Сёлета на пачатку сакавіка стала вядома, што ў пракуратуру для накіраваньня ў суд перадалі справу палітвязьня, жыхара Бабруйску Сяргея Франчука. Ён стрыечны брат намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Мужчыну абвінавачваюць па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), арт. 368 (абраза прэзыдэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальваньне варожасьці) Крымінальнага кодэксу.

  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 мая было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазьней быў сфармаваны трэці — «Літвін». Пасьля «Тэрор» стаў асобным падразьдзелам УСУ па-за складам палку Каліноўскага.
  • У Беларусі па факце стварэньня палку Каліноўскага распачата крымінальная справа, полк прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў 20 лістапада мінулага году заявіў, што ўстаноўлена амаль 160 беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG