Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На стрыечнага брата намесьніка камандзіра палка Каліноўскага завялі крымінальную справу


Ілюстрацыйнае фота. Шаўрон добраахвотніка палка Каліноўскага
Ілюстрацыйнае фота. Шаўрон добраахвотніка палка Каліноўскага

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра ціск на сваякоў намесьніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука з боку беларускіх сілавікоў.

Першай ахвярай ціску стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла «Вясьне» маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек зь менскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі Сяргея Франчука пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлэфон, ноўтбук і самога Сяргея.

Мужчыну асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за непадпарадкаваньне. Паводле праваабаронцаў, насамрэч спэцслужбаў цікавіў Вадзім Кабанчук. Сілавікі запісалі «пакаяльнае» відэа зь Сяргеем Франчуком, дзе ён гаворыць, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і пісаў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-чатах. На відэа відаць, што лоб у Сяргея заклеены.

23 жніўня, пасьля заканчэньня 15 дзён арышту, Сяргей Франчук на волю ня выйшаў. Яму выставілі абвінавачваньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Таксама за гэты час на допыт у КДБ была выклікалі стрыечную сястру Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што яны ведаюць пра Вадзіма.

Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін раней заявіў, што «фармаваньне і падрыхтоўка фармаваньняў нацыяналістычнага кшталту, тыпу палка Каліноўскага і яму падобных», далейшым прызначэньнем якіх можа быць «разьвязаньне грамадзянскай вайны на тэрыторыі Беларусі», зьяўляюцца для краіны «ваеннай пагрозай і будуць лякалізоўвацца ўсімі наяўнымі сіламі і сродкамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG