У Менску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатру Мікалая Зайца.
Затрыманьне адбылося раніцай 13 сакавіка, яго прычына пакуль невядомая. Тэлефон і Telegram Мікалая Зайца недасяжныя, яго месцазнаходжаньне сваякам невядомае, піша @dw_belarus.
Дзіцячага трэнэра ў футболе асудзілі на 2 гады калёніі
13 сакавіка 2023 году ў судзе Маскоўскага раёну Менску Лідзія Цяліца вынесла прысуд дзіцячаму футбольнаму трэнэру Алегу Швайко. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2 гадоў калёніі агульнага рэжыму за падзеі 2020 году.
Акрамя таго, судзьдзя Цяліца вынесла ў асобнае грамадзянскае вядзеньне пазоў за «перакрыцьцё дарог» на 69 тысяч рублёў, паведамляюць праваабаронцы.
36-гадовы Алег Швайко працаваў з жаночай камандай у футбольным клюбе «Менск». Вядома, што ён праяўляў актыўную пазыцыю наконт падзей у Беларусі ў 2020 годзе. У канцы 2021-га трэнэр пакінуў структуру «Менска», а ў 2022-м апынуўся на стажы ў іншай школе. Там ён займаўся з хлопцамі 8-10 гадоў, дапамагаў больш спрактыкаваным калегам. У кастрычніку 2022-га Швайко заключыў кантракт з прыватнай футбольнай школай імя Васілеўскага. У сацсетках менская арганізацыя прадставіла новага трэнэра 20 кастрычніка 2022 году. У зону адказнасьці Швайко ўваходзіла праца з камандамі U-9 і U-11.
Алега затрымалі 4 лістапада і асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.