Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца «Вясны» падчас сэсіі Рады ААН па правах чалавека расказала пра катаваньні ў Беларусі


Натальля Сацункевіч
Натальля Сацункевіч

У Жэнэве праходзіць 52-я сэсія Рады ААН па правах чалавека (28 лютага – 1 красавіка 2023 года). У ёй прыняла ўдзел праваабаронца «Вясны» Натальля Сацункевіч, якая расказала аб рэпрэсіях у Беларусі.

Пасьля падзей жніўня 2020 года ў Беларусі ў сакавіку 2021 года на сэсіі Рады правоў чалавека ААН стварылі камісію для расьсьледаваньня сытуацыі ў Беларусі — The UN Human Rights Office Examination on Belarus. Чакаецца, што ў канцы 52-й сэсіі ААН мандат гэтай місіі падоўжаць.

Прадстаўніца «Вясны» Натальля Сацункевіч з гэтай нагоды мела шэраг сустрэч у Жэнэве. Адна зь іх — сайд-івэнт «Перасьлед за міжнародныя злачынствы і сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі», арганізаваны сталымі прадстаўніцтвамі Літвы і Польшчы ў ААН.

На ім падымалі тэму катаваньняў у Беларусі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі сабралі і задакумэнтавалі болей за 2000 такіх выпадкаў пасьля падзей жніўня 2020 году.

«Як расказала беларуская праваабаронца і прадстаўніца Камітэта Вікторыя Фёдарава, па іх ацэнках, гэта злачынства супраць чалавечнасьці, — адзначыла Натальля Сацункевіч. — Я ж нагадала пра сваіх палітзьняволеных калег-вясноўцаў — Уладзімера Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага: яны ўтрымліваюцца ў дрэнных умовах у СІЗА на Валадарскага. На судзе яны былі ў кайданках. Нагадала і пра тое, што 26-гадовай каардынатарцы Валянтэрскай службы „Вясны“ Марфе Рабковай прысудзілі 15 гадоў калёніі. І падкрэсьліла, што яны фактычна адны з амаль паўтары тысячы палітзьняволеных, якія сутыкаюцца з такімі ўмовамі.

Я папрасіла распаўсюджваць гэту інфармацыю. Беларусі ж патрэбна дапамога і салідарнасць усяго свету».

Натальля Сацункевіч выступае на сайд-івэнце
Натальля Сацункевіч выступае на сайд-івэнце

У імпрэзе прыняла ўдзел і спэцыяльная дакладчыца аб Беларусі Анаіс Марэн. У сваім выступе яна адзначыла, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года ў беларускай сыстэмы правасудзьдзя не атрымалася правесьці незалежныя, апэратыўныя, эфэктыўныя і празрыстыя расьсьледаванні і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці за паведамленьні пра парушэньні правоў чалавека.

«Падкрэсьлю, што цяпер мы знаходзімся прыкладна на паўдарозе паміж выбарамі 2020 года і наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі, якія павінны адбыцца ў 2025 годзе. Аднак мой асабісты маніторынг сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі паказвае абсалютную адсутнасьць якіх-небудзь намаганьняў і палітычнай волі ва ўладаў для вырашэньня сур’ёзных праблем, якія працягваюць падымаць розныя міжнародныя праваабарончыя мэханізмы, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцы. Падзеі 2020 года трапілі ў загалоўкі і прыцягнулі міжнародную ўвагу, але я занепакоеная тым, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, якая ўвесь час пагаршаецца, можа застацца незаўважанай», — адзначыла Анаіс Марэн.

На сайд-івэнце «Перасьлед за міжнародныя злачынствы і сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі»
На сайд-івэнце «Перасьлед за міжнародныя злачынствы і сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі»

Сайд-івэнт выклікаў вялікую зацікаўленасьць — на ім сабралася каля 90 прадстаўнікоў розных краін, адзначае «Вясна». Апроч сайд-івэнту, Сацункевіч паўдзельнічала і ў двухбаковых сустрэчах з прадстаўнікамі розных краін: Фінляндыі, Чэхіі, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Вялікай Юрытаніі, Швэцыі, Польшчы, США, Мексыкі, Латвіі, Даніі, Нарвэгіі.

«Я расказвала пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У прадстаўнікоў розных краін розны ўзровень уцягнутасьці і разуменьня сытуацыі ў Беларусі. Напрыклад, у сытуацыі ў Беларусі вельмі добра разьбіраюцца прадстаўнікі Польшчы і Нямеччыны. Прыемна зьдзівіў у гэтым пляне прадстаўнік Мэксыкі.

Але мы бачым падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі і дэмакратычных зьменаў. А таксама ўсе шакаваныя прысудам праваабаронцам „Вясны“, тэрмінамі і ўвогуле самой крымінальнай справай».

Акрамя гэтага, Натальля Сацункевіч успомніла сумны факт:

«Два гады таму Алесь Бяляцкі быў у Жэнэве і ўдзельнічаў у стварэньні Examination mission. А сёньня ён у турме — у тым ліку і за Examination mission».

Суарганізатарамі сайд-івэнту і арганізатарамі адвакацыйных сустрэч з прадстаўніцай «Вясны» выступіў Фонд Дамоў правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG