Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Грузіі паведаміла пра вызваленьне ўсіх затрыманых на пратэстах 7-8 сакавіка


Тбілісі ўвечары 9 сакавіка.
Тбілісі ўвечары 9 сакавіка.

МУС Грузіі паведаміла пра вызваленьне ўсіх затрыманых у адміністрацыйным парадку падчас акцый апошніх дзён у Тбілісі. Частка вызваленая ў сувязі са сканчэньнем тэрміну знаходжаньня ў сьледчым ізалятары. Іншых ужо суд аштрафаваў.

На мітынгах было арыштавана больш за 130 чалавек, большасьць зь іх у адміністрацыйным парадку, то бок, за супраціў міліцыі і дробнае хуліганства, піша агенцтва «Навіны-Грузія».

МУС называе даты затрымання 7 і 8 сакавіка, пакуль незразумела, ці закранула вызваленьне і тых, хто быў затрыманы ў ноч на 9 сакавіка чацьвер, піша «Эхо Кавказа».

Таксама незразумела, што з арыштаванымі паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Такіх было некалькі чалавек. Гэта артыкулы 187 і 353 КК Грузіі — пашкоджаньне альбо зьнішчэньне рэчы і напад на супрацоўніка паліцыі.

Паведамленьне МУС цяпер правяраюць праваабарончыя арганізацыі — справы большай часткі затрыманых вялі іх адвакаты.

Сёньня раніцай кіруючая партыя «Грузінская мара» і грамадзкі рух «Сіла народу» заявілі што адклікаюць законапраект аб «замежных агентах», які ўжо быў прыняты ў першым чытаньні і выклікаў абурэньне ў грамадзтве, якое вылілася ў масавыя пратэсты. Аднак для працэдуры адкліканьня трэба сабраць паседжаньне парлямэнта, а ён пакуль не зьбіраўся.

7 сакавіка парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці фінансаваньня вонкавага ўплыву», які таксама называюць «законам аб агентах іншаземнага ўплыву». З 150 дэпутатаў 76 прагаласавалі за прыняцьце закону, 13 — супраць, яшчэ 61 не галасаваў.

Законапраект абавязваў ўсіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры. У адваротным выпадку парушальнікам пагражае буйны штраф або турэмнае зьняволеньне тэрмінам на пяць гадоў.

Апазыцыя сьцьвярджала, што закон мае на мэце прыцясьненьне іншадумства і грамадзянскай актыўнасьці, як гэта адбылося ў Расеі. Таксама яны адзначылі, што прыняцьце такога закону зьяўляецца пагрозай для дэмакратыі і будзе перашкаджаць інтэграцыі Грузіі ў Эўропу.

Увечары 7 сакавіка некалькі тысяч пратэстоўцаў супраць прыняцьця гэтага закону выйшлі да будынка парлямэнта ў Тбілісі, некаторыя паспрабавалі ў яго прарвацца. Паліцыя разганяла дэманстрантаў вадамётамі, 66 чалавек затрымалі.

8 сакавіка ўдзельнікі масавай акцыі пратэсту зноў атачылі будынак парлямэнту Грузіі. Як і напярэдадні, пачаліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ і вадамёты. Частка пратэстоўцаў, як паведамляецца, спрабавала прарвацца ў будынак. Некалькі шыбаў у будынку былі выбітыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG