Кіроўная партыя «Грузінская мара», ініцыятар законапраекту, грамадзкі рух «Сіла народу» і парлямэнцкая большасьць 9 сакавіка выпусцілі заяву, у якой гаворыцца пра часовае адкліканьне зконапраекту і намер ладзіць сустрэчы з выбарнікамі, каб тлумачыць ім важнасьць такога закону.
Раней, 7 сакавіка, парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці фінансаваньня вонкавага ўплыву», які таксама называюць «законам аб агентах іншаземнага ўплыву». З 150 дэпутатаў 76 прагаласавалі за прыняцьце закону, 13 — супраць, яшчэ 61 не галасаваў.
Законапраект абавязваў ўсіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры. У адваротным выпадку парушальнікам пагражае буйны штраф або турэмнае зьняволеньне тэрмінам на пяць гадоў.
Апазыцыя сцвярджала, што закон мае на мэце прыцясьненьне іншадумства і грамадзянскай актыўнасьці, як гэта адбылося ў Расеі. Таксама яны адзначылі, што прыняцьце такога закону зьяўляецца пагрозай для дэмакратыі і будзе перашкаджаць інтэграцыі Грузіі ў Эўропу.
Увечары 7 сакавіка некалькі тысяч пратэстоўцаў супраць прыняцьця гэтага закону выйшлі да будынка парлямэнта ў Тбілісі, некаторыя паспрабавалі ў яго прарвацца. Паліцыя разганяла дэманстрантаў вадамётамі, 66 чалавек затрымалі.
8 сакавіка ўдзельнікі масавай акцыі пратэсту зноў атачылі будынак парлямэнту Грузіі. Як і напярэдадні, пачаліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ і вадамёты. Частка пратэстоўцаў, як паведамляецца, спрабавала прарвацца ў будынак. Некалькі шыбаў у будынку былі выбітыя.
Аб затрыманых не паведамлялася, але былі пацярпелыя ад сьлезацечнага газу.
Удзельнікі мітынгаў выстаўлялі два патрабаваньні. Па-першае, яны патрабавалі адклікаць з парлямэнту законапраект, прыняты напярэдадні ў першым чытаньні. Па-другое, адпусьціць затрыманых на мітынгу 7 сакавіка. На выкананьне сваіх патрабаваньняў яны далі ўладам адну гадзіну, пасьля чаго абяцалі перайсьці «да іншых дзеяньняў».