Гаворка ідзе пра клайпедзкія кампаніі Uosto Vartai і Birų Cargo Terminalas, паведамляе Zerkalo са спасылкай на BNS. Паводле дырэктара LTG Sustainability Эдвінаса Керза, гэтыя кампаніі ўжо двойчы спрабавалі абыйсьці санкцыйную палітыку Літвы ў частцы перавозак грузаў.
«Мы накіравалі папярэджаньні як Uosto Vartai, так і Birų Cargo Terminalas адносна таго, што іх дзейнасьць несумяшчальная з нацыянальнай бясьпекай і становіць вялікую небясьпеку для нашай рэпутацыі», — сказаў Керза.
Ён растлумачыў, што LTG аўтаматычна скасуе кантракт зь любым партнэрам, які зноў будзе заўважаны ў спробе абыйсьці санкцыі. «І мы гэта ўжо зрабілі з парай такіх кампаній», — дадаў дырэктар, маючы на ўвазе Uosto Vartai і Birų Cargo Terminalas.
«Беларуськалій» набыў 30% Клайпедзкага тэрміналу Birų Cargo Terminalas у 2013 годзе. Сума зьдзелкі склала 30 мільёнаў даляраў. У апошнія гады праз порт у Клайпедзе на караблі грузілася каля 10–11 мільёнаў тон угнаеньняў «Беларуськалію» ў год.
Тым часам уладальнік Клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Ігар Удавіцкі піша, што Эўракамісія рыхтуецца зьняць санкцыі зь «Беларуськалію» і «Слаўкалію». Крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі паведамляюць, што згоды наконт гэтага рашэньня дагэтуль няма.
Раней эўрапейскі рэдактар Свабоды Рыкард Юзьвяк тлумачыў, што скасаваньне санкцый супраць беларускіх калійных угнаеньняў падтрымліваюць шэраг заходнеэўрапейскіх краінаў — Партугалія, Бэльгія, Нідэрлянды, Францыя, а таксама важныя краіны «трэцяга сьвету». Літва патрабуе гарантый, што ад зьняцьця санкцый ня выйграюць беларускія алігархі, якія ёсьць у санкцыйным сьпісе ЭЗ.
- Праз санкцыі Беларусь страціла магчымасьць экспартаваць свае ўгнаеньні праз парты краін Балтыі. З 1 лютага 2022 году Літва спыніла прыём беларускіх цягнікоў з калійнымі ўгнаеньнямі ў Клайпеду. Ужо празь месяц Birų Cargo Terminalas заявіла, што плянуе звольніць практычна ўсіх супрацоўнікаў у сувязі з прастоем тэрміналу празь недахоп грузаў.