Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі рыхтуе закон аб прыцягненьні нябожчыкаў да адказнасьці за ваенныя злачынствы


Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед
Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед

У ведамстве адзначылі, што пасьля ўнясеньня зьмяненьняў «стануць магчымымі крымінальныя працэсы ў дачыненні да карнікаў беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Генеральная пракуратура Беларусі стварыла рабочую групу для падрыхтоўкі праекту закону аб парадку вядзеньня крымінальных справаў на памерлых асоб, якія маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў. Пра гэта 9 сакавіка паведаміла прэсавая служба ведамства.

Група мае намер распрацаваць «мэханізм прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці тых нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, якія з шэрагу прычын, у тым ліку зьвязаных з палітыкай асобных дзяржаў, не паўсталі перад судом».

У Генпракуратуры адзначылі, што пасьля ўнясеньня зьмяненьняў у законы «стануць магчымыя крымінальныя працэсы ў дачыненні да карнікаў беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Першую крымінальную справу па факце «генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны перыяд» Генпракуратура завяла ў 2021 годзе ў сувязі з артыкуламі ў выданьнях «Флагшток» і Zerkalo.io.

Нядаўна генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед даваў справаздачу, што «ў якасьці пацярпелых і сьведак дапытана больш за 16 тысяч чалавек, зь іх больш за 7 тысяч — былыя вязьні канцлягераў і дэпартаваныя для прымусовага выкананьня работ». У справе аб генацыдзе запыты накіравалі ў 30 дзяржаў і міжнародных арганізацый.

У пачатку студзеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народу» ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд да 1951 году ў мэтах «недапушчальнасьці скажэньня вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама згуртаванасьці беларускага грамадзтва». За любое публічнае адмаўленьне генацыду беларусаў, у тым ліку ў інтэрнэце, улады будуць караць арыштам, абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем волі на той самы тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG