Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў абстраляла Ўкраіну ракетамі: Кіеў паведаміў пра два зьбітыя «Калібры»


Пуск высокадакладнай крылатай ракеты наземнага базаваньня «Калібр», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Пуск высокадакладнай крылатай ракеты наземнага базаваньня «Калібр», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Раніцай 18 лютага Расея зноў абстраляла Ўкраіну ракетамі. Паветраныя Сілы УСУ паведамілі, што былі выпушчаныя мінімум чатыры крылатыя ракеты «Калібр».

«18 лютага расейскія акупацыйныя войскі выпусьцілі па Ўкраіне чатыры крылатыя ракеты „Калібр“ з акваторыі Чорнага мора. Дзьве ракеты зьнішчаныя сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскіх вайскоўцаў.

Таксама, паводле зьвестак вайскоўцаў, Расея прымяніла і тактычную авіяцыю ў паветранай прасторы акупаваных тэрыторый.

Украінскія ўлады і СМІ не паведамляюць аб тым, ці патрапілі ракеты па ўкраінскіх аб’ектах, аднак паведамлялася пра выбухі ў Хмяльніцкім і «працу СПА» у Мікалаеўскай вобласьці.

Кіраўнік Хмяльніцкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гамалій паведаміў, што ў абласным цэнтры падчас паветранай трывогі 18 лютага прагрымелі сама меней два выбухі. Пазьней мэр Хмяльніцкага Аляксандар Сімчышын паведаміў, што ў горадзе былі пашкоджаныя тры навучальныя ўстановы і каля 10 шматпавярховых жылых дамоў. Паводле яго, параненыя двое мірных жыхароў.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім выклаў у тэлеграме фота абломка адной з ракет, дапісаўшы, што хутчэй за ўсё гэта абломкі ўкраінскай ракеты СПА.

Па стане на раніцу ў Чорным моры ваенныя аналітыкі зафіксавалі 12 ракет «Калібр». Прадстаўнік ВСУ Натальля Гумянюк папярэджвала, што масіраваны ўдар зь іх дапамогай Расея можа ажыцьцявіць «у любы момант».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG