Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць каардынатар экспэртнай сеткі «Наше меркаваньне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і ўкраінскі публіцыст Паўло Зуб’юк.
Мажэйка
- Лукашэнку, беларускім уладам цяжка была пераконваць расейцаў, што з самалётам нічога не адбылося, калі той вылецеў у Расею на рамонт.
- Таму Лукашэнка вырашыў інцыдэнт прызнаць, а віну ўскласьці, зразумела ж, на Ўкраіну.
- Для Лукашэнкі было важна ўратаваць сваю рэпутацыю ў вачах Масквы і паказаць, што ён усё ж кантралюе сытуацыю ў краіне.
- Прызнаньню «ўкраінскага дывэрсанта», якое паказалі па БТ, няма веры, бо невядома, пад якім ціскам ён гэта сказаў.
- Лукашэнка спрабаваў апраўдацца перад расейцамі, беларускія сілавікі — перад Лукашэнкам.
- Я ня думаю, што пасьля гэтага дэмаршу Лукашэнкі канал камунікацыі паміж Менскам і Кіевам абавязкова закрыецца.
- У вайну каналы камунікацыі мець варта.
- Словы Лукашэнкі «мы не нападзём» мала чаго вартыя. Мы чулі шмат разоў і ад яго, і ад Макея, што Расея зь беларускай тэрыторыі не нападзе.
- Лукашэнка быў вельмі эмацыйны, ён прыгадваў, што мацярыў сваіх сілавікоў.
- Пуцін да страты крэйсэра «Масква», да іншых стратаў на вайне быў гатовы. І за іх Зяленскага ня лаяў. А Лукашэнка быў ня надта гатовы.
- Для Пуціна гэта ня першая вайна, якую ён разьвязаў. Лукашэнка войнаў не разьвязваў.
- Рэакцыя Лукашэнкі на гучную, але ўсё ж лякальную падзею паказвае, што ён баіцца збройнага супраціву.
- Я б не чакаў карэнных зьменаў украінскай палітыкі адносна Беларусі. Яна грунтуецца на тым, як у Кіеве разумеюць прагматычныя інтарэсы Ўкраіны.
- Называй Зяленскага «гнідай» ці не, ён будзе дзейнічаць, зыходзячы з сваіх інтарэсаў, а не з сваёй крыўды.
- СБУ сапраўды магла мець дачыненьне да дывэрсіі ў Мачулішчах, як у Другую сусьветную вайну брытанскія і амэрыканскія спэцслужбы нярэдка мелі дачыненьне да апэрацый антынацысцкіх партызанаў у акупаваных краінах.
- Калі СБУ мела дачыненьне, то гэта ўжо зьмена палітыкі. Ад «пернікаў» у выглядзе просьбаў да ЭЗ ня ўводзіць санкцыі адносна Беларусі — да «пугі» ў выглядзе такой дывэрсіі.
Зубʼюк
- Украіна ніколі афіцыйна не пацьвярджае сваю датычнасьць ні да якіх інцыдэнтаў за сваімі межамі. Не пацьвярджаюць гэтага і адносна тэрыторыі Расеі, хаця зь ёю ідзе вайна.
- Тое самае і адносна Беларусі.
- У свой час Пуцін казаў, што ў Данбасе дзейнічаюць «шахтары і трактарысты».
- Я паглядзеў камэнты да навіны пра заявы Лукашэнкі на сайтах некалькіх украінскіх СМІ. Там шмат праклёнаў у адрас Лукашэнкі, але мала разваг пра тое, што гэтую дывэрсію зрабілі беларусы і давайце будзем ім удзячныя.
- Таксама няшмат камэнтароў наконт таго, што дывэрсію зрабілі ўкраінскія хлопцы.
- Няшмат як допісаў кшталту «Слава беларускім партызанам», гэтак і кшталту «Слава нашым дывэрсантам».
- Збольшага ўкраінцы проста радуюцца таму, што ў Лукашэнкі праблемы. І хто б ні зрабіў гэтую дывэрсію — добра, што зрабілі.
- Што да лаянкі Лукашэнкі ў адрас Зяленскага, то мы выдатна ведаем, што сёньня Лукашэнка гаворыць адно, а заўтра — іншае, часам цалкам адваротнае.
- Сёньня ён лае Зяленскага, а заўтра скажа, што Зяленскі — «наш чалавек». І ўся беларуская прапаганда разьвернецца на 180 градусаў.
- Я не выключаю, што дывэрсія супраць А-50 дае Лукашэнку дадатковыя аргумэнты перад Пуціным, каб ня ўцягвацца ў вайну беларускім войскам.
- Ён можа сказаць Пуціну, што ў Беларусі і так фронт, вось дывэрсійныя групы паўсюль, трэба зь імі змагацца ў Беларусі, а не ісьці ваяваць ва Ўкраіну.
- Нейкія падобныя аргумэнты выказваў гішпанскі дыктатар Франка, каб адмовіцца ад прапановы Гітлера ўступіць у вайну з ангельцамі і амэрыканцамі.
- Ва ўкраінскім грамадзтве ёсьць пазыцыя, што беларускі народ дапусьціў, каб на Ўкраіну напалі зь яго тэрыторыі. І таму адзіныя беларусы, зь якімі мы будзем размаўляць, — гэта полк Каліноўскага.
- Але пакуль не пяройдзеная мяжа, каб з палком наўпрост размаўляў Зяленскі.
- Стаўленьне да беларусаў — палітычных уцекачоў матывавалася адным: як бы не справакаваць Лукашэнку на ўступленьне ў вайну войскам.
- Я ня бачу, каб гэтае стаўленьне зьмянілася. І лаянка Лукашэнкі наўрад ці яго памяняе.
- Хутчэй за ўсё, Украіна сапраўды лабіюе ў Брусэлі, каб ЭЗ ня надта ціснуў санкцыямі на Беларусь.
- І я ня думаю, што гэта зьменіцца пасьля цяперашняга дэмаршу Лукашэнкі наконт дывэрсіі ў Мачулішчах.
- Украіна не зацікаўленая ў стварэньні дадатковай напружанасьці на поўначы.
- Санкцыі — гэта тое нямногае, што мае значэньне.
- Для Лукашэнкі словы — гэта нішто. Для яго маюць значэньне грошы і ўлада.