Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віншую цябе, даражэнькая, з тым, што шмат жанчын зрабілі дагэтуль». Ці варта беларускам сьвяткаваць 8 сакавіка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларуская фэмактывістка Наста Базар мяркуе, што сьвяткаваць варта, і дае парады, як гэта можна рабіць.

Паходжаньне сьвята

У 1908 годзе ў Нью-Ёрку 15 000 жанчын выйшлі на дэманстрацыю. Яны патрабавалі павышэньня заробку, скарачэньня працоўнага дня, права голасу. У жніўні 1910 году вядомая нямецкая актывістка Клара Цэткін на канфэрэнцыі ў Капэнгагене прапанавала стварыць Міжнародны дзень барацьбы за роўнасьць і эмансыпацыю жанчын. Дата 8 сакавіка ў якасьці Дня абароны правоў жанчын у шэрагу заходніх краін усталявалася толькі ў 1914 годзе. ААН прызначыў яе як Міжнародны жаночы дзень у 1975-м.

Паводле ААН, у гэты дзень павінны адзначацца дасягненьні жанчын, незалежна ад нацыянальных межаў або этнічных, моўных, культурных, эканамічных і палітычных адрозьненьняў.

Ці варта беларускам сьвяткаваць 8 сакавіка?

Наста Базар — фэміністка, квір- [зборны тэрмін для абазначэньня чалавека, чыя сэксуальнасьць і/або гендэрная ідэнтычнасьць інакшыя, чым у большасьці. — РС] нізавая актывістка лічыць, што адзначаць 8-га сакавіка беларускам, безумоўна, варта, але залежыць ад таго, што мы маем на ўвазе пад сьвяткаваньнем гэтага дня.

«Калі мы маем на ўвазе тыя стэрэатыпы, якія навешалі за мінулыя дзесяцігодзьдзі, што гэта сьвята вясны, прыгажосьці, аб’ектывацыі жанчын, то такое сьвята адзначаць ня варта. Сапраўднае значэньне 8-га сакавіка — гэта дзень барацьбы за жаночыя правы. І, безумоўна, варта яго адзначаць, бо мы не глядзім на свае прывілеі і забываемся, як яно было. Сто год таму жанчына не магла траціць свае грошы, яна павінна была аддаваць іх свайму мужу ці бацьку. Жанчына ня мела права застацца зь дзецьмі пасьля разводу, а мужчыны не спраўляліся і аддавалі дзяцей у прытулкі. Жанчыны ня мелі права вучыцца, хадзіць у штанах і шмат чаго яшчэ, таго, што для нас сёньня звычайныя рэчы», — кажа Наста Базар.

Наста мае надзею, што праз сто год такі сьпіс прывілеяў папоўніцца. А тыя, хто будзе жыць пасьля нас, будуць зьдзіўляцца, што ў Беларусі былі забароненыя для жанчын некаторыя прафэсіі, а розьніца паміж заробкамі жанчын і мужчын складала 27% (паводле афіцыйнай статыстыкі Белстату).

«Гэты дзень варта сьвяткаваць асабліва беларускам, бо я ўпэўненая, што беларускі адыгралі вельмі вялікую ролю ў рэвалюцыі і працягваюць яе адыгрываць. Але калі нешта не атрымліваецца, прасьцей на некага зваліць адказнасьць, чым нешта працягваць рабіць. Таму ўся рыторыка „якія ў нас клясныя жанчыны, якія вы малайцы“ зьмянілася на „калі б вы ня вышлі з кветкамі, мы б выйшлі зь нечым іншым“. Нібыта нашыя кветкі перашкаджалі выйсьці зь нечым іншым».

Па статыстыцы, ад 70% да 80% людзей, якія займаюцца валянтэрствам, — гэта жанчыны, кажа Наста.

«Дапамагаюць у асноўным жанчыны. Прытулкі трымаюць жанчыны, але кіруюць мужчыны, бо гэта патрыярхат. Усю нізавую працу робяць жанчыны, але яна ня бачная, бо жанчын зь дзяцінства вучаць рабіць нябачную працу».

Як павіншаваць з 8-м сакавіка?

Перад тым як павіншаваць жанчыну з гэтым сьвятам, Наста раіць перанесьці віншаваньне на сябе.

«„Віншую цябе са сьвятам прыгажосьці, ты ўпрыгожаньне калектыву“. Проста няхай кожны мужчына ўявіць, што яму такое кажуць. Бо віншаваць з тым, што ты ўпрыгожаньне калектыву, — быццам ваза з кветкамі. Вось ваза і жанчына — і тое, і тое ўпрыгожвае. А хто гэтая жанчына? Што яна за асоба?»

Што можна падараваць?

Тут найлепшы варыянт — спытаць у чалавека, мяркуе Наста.

«Мне патрэбны фэн з іянізацыяй, напрыклад. І гэта не таму, што я люблю б’юці-працэдуры ці штосьці такое, а таму, што гэта дапаможа мне ўкладваць валасы лепей. Я таксама буду рада лазэрнаму ўзроўню, які вымярае на сьценах, альбо пэрфаратару, бо ў мяне яго няма. Калі жанчына хоча парфумы ці кветак, то чаму б не, калі ёй гэта прынясе радасьць? Але патэльня ці нейкая побытавая рэч павінна набывацца проста так, а не на сьвяты».

Як рэагаваць, калі вам жадаюць «быць мілай і жаночага шчасьця»?

«Для мяне тут важна перастаць проста здраджваць сабе. Кожны раз, калі я бачу ў паведамленьні, у віншаваньні, у мэме дыскрымінацыю, я пра гэта кажу. Мяне ня любяць, са мной перастаюць камунікаваць, але такім чынам са мной застаюцца тыя, з кім я адчуваю сябе камфортна, адчуваю сваю і іх каштоўнасьць. Бо я не хачу быць мілай, зручнай для некага, я хачу быць сабой».

У віншаваньнях можа быць і адваротны бок, напрыклад, калі жадаюць быць моцнай, лічыць актывістка.

«Людзі не задумваюцца і не пытаюцца, ці ёсьць у мяне сілы быць моцнай. Ці я моцная, бо ў мяне няма выбару, бо па-іншаму я ня выжыву ў гэтым сьвеце. Таму я была б вельмі акуратная. Варта памятаць, што 8-га сакавіка — гэта дзень за жаночыя правы. Вось цудоўнае для мяне віншаваньне: «Віншую цябе, даражэнькая, з тым, што шмат жанчын зрабілі дагэтуль, каб мы сёньня маглі мець тое, што маем. І дзякуй кожнай, хто робіць нешта, каб мы жылі яшчэ лепей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG