Беларуская апазыцыйная дзяячка Сьвятлана Ціханоўская 8 сакавіка стала ляўрэатам Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры (Tipperary, Ірляндыя) за 2022 год, пра гэта «Свабодзе» паведаміў сакратар Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры Марцін Куін.
Куін зазначае, што прысуджэньне прэміі міру Ціханоўскай — гэта заява аб падтрымцы правоў на свабоду слова, свабоду асацыяцый і свабоду сходаў у Беларусі:
«Катаваньні і жорсткае абыходжаньне з мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі ў Беларусі, а таксама сыстэма несправядлівых і закрытых судоў і зьняволеньне тых, хто выступае супраць рэжыму, пра што гаварыла спадарыня Ціханоўская, сьведчаць пра жорсткасьць рэжыму Лукашэнкі і яго рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і тых, хто ўзьнімае голас у іх абарону», — сказаў Куін.
Сакратар Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры зазначыў, што Сьвятлана Ціханоўская зрабілася шырока вядомая ў 2020 годзе, стаўшы лідэрам найбуйнейшага ў Беларусі пратэсту за апошнія дзесяцігодзьдзі:
«Яны ахвяравалі сваёй свабодай, а іншыя ахвяравалі сваімі жыцьцямі, змагаючыся за правы народу Беларусі і больш як 1400 палітвязняў, якія цяпер у турме. Кампанія спадарыні Ціханоўскай па асьвятленьні гэтых і многіх іншых пытаньняў, якія тычацца свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, была ўшанавана прысуджэньнем ёй Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры за 2022 год», — сказаў Куін.
Сярод ляўрэатаў гэтай узнагароды - былы прэзыдэнт Паўднёвай Афрыкі Нэльсан Мандэла, пакістанская школьніца Малала Юсафзай, былы генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, экс-дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.
Прэмію 2022 году ўручаць Сьвятлане Ціханоўскай у траўні. Ціханоўская добра знаёмая з графствам Тыпэрэры, бо з 12-гадовага ўзросту бывала там на летніх канікулах у рамках праграмы для дзяцей, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Адказваючы на навіну пра ўзнагароду, Ціханоўская сказала, што для яе вялікі гонар стаць ляўрэатам Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры:
«Гэтая ўзнагарода прысуджаецца ня толькі мне, яна прысуджаецца мільёнам свабодных людзей Беларусі, якія на працягу апошніх трох гадоў бясстрашна і самааддана супрацьстаялі тыраніі. Гэта неверагодная падтрымка для дэмакратычнага руху Беларусі і для сотняў тысяч актывістаў, якія супрацьстаяць тыраніі на месцах.
Гэта дае надзею тысячам палітвязьняў, якія пакутуюць у беларускіх турмах за сваю праўду і за сваю прагу да свабоды і адданасьць дэмакратычным каштоўнасьцям. Ваша ўвага да Беларусі робіць тыранаў больш уразьлівымі, а ваша салідарнасьць робіць нас мацнейшымі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.