Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя выведкі: страты Расеі пад Бахмутам у пяць разоў перавышаюць страты Ўкраіны


Горад Бахмут, Данецкая вобласьць, Украіна. Ілюстрацыйнае фота
Горад Бахмут, Данецкая вобласьць, Украіна. Ілюстрацыйнае фота

Цяжкія баі за Бахмут пачаліся ў ліпені 2022 году. Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў, што адстаяць горад важна, але не любой цаной.

У выведцы NATO заявілі, што расейскія войскі страчваюць у баях за Бахмут у Данецкай вобласьці ў пяць разоў больш, чым Украіна.

Як паведаміла CNN са спасылкай на ананімнага вайсковага прадстаўніка Паўночнаатлянтычнага альянсу, такія суадносіны зьяўляюцца вынікам аналізу атрыманых выведкай зьвестак.

Паводле выведкі, Украіна таксама нясе значныя страты пры абароне гораду.

Цяжкія баі за Бахмут пачаліся ў ліпені 2022 году. Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў, што адстаяць горад важна, але не любой цаной. 6 сакавіка ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што на пасяджэньні Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага ўхвалілі рашэньне аб працягу абароны Бахмута.

ISW: Украіна, зьнішчаючы рэсурсы ПВК «Вагнэр», аслабляе магчымасьці Расеі на іншых кірунках

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Бахмут не зьяўляецца істотным у апэратыўным ці стратэгічным пляне.

«Захоп Бахмута неабходны, але недастатковы для далейшага прасоўваньня Расеі ў Данецкай вобласьці, і расейскія войскі ўжо панесьлі такія цяжкія страты ў баях за горад, што іх атака, хутчэй за ўсё, завершыцца пасьля таго, як яны захопяць яго, калі не раней. Такім чынам, страта Бахмута не зьяўляецца сур’ёзнай апэратыўнай або стратэгічнай праблемай для Ўкраіны», — адзначаецца ў справаздачы інстытута.

Паводле экспэртаў, бітва Ўкраіны за Бахмут стала стратэгічна важнай празь цяперашні склад расейскіх войскаў, разьмешчаных у гэтым раёне. Найперш, паводле іх, мова аб прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», рэзэрвы якой сталі пад Бахмутам «гарматным мясам», а таксама аб элітных войсках, накіраваных у гэты раён.

У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што зьнішчэньне гэтых рэсурсаў — жывой сілы і тэхнікі — істотна абмяжоўвае магчымасьці Расеі на іншых кірунках.

«Бітва за Бахмут можа, па сутнасьці, сурʼёзна пагоршыць лепшыя сілы групоўкі „Вагнэр“, пазбавіўшы Расею некаторых зь яе найбольш эфэктыўных і найбольш цяжкіх для замены ўдарных войскаў. Атакі ПВК „Вагнэр“ ужо аднойчы дасягнулі кульмінацыі, у выніку чаго Міністэрства абароны Расеі перакінула ў бой частку сваіх элітных дэсантных войскаў», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Выведка Вялікай Брытаніі: Расеі для прасоўваньня цяжка падтрымліваць рэсурсы на неабходным узроўні

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што абарона Бахмута вымотваць сілы і ўкраінскай, і расейскай арміі.

«У мінулыя выходныя ўкраінскія сілы, імаверна, стабілізавалі пэрымэтар сваёй абароны пасьля папярэдняга наступу Расеі на поўнач ад горада. Прыкладна 2 сакавіка расейцы зьнішчылі мост праз адзіную асфальтаваную дарогу ў Бахмут, якая знаходзіцца пад кантролем Украіны. Гразкія ўмовы, імаверна, перашкаджаюць Украіне папаўняць запасы, бо яны вымушаны цяпер выкарыстоўваць грунтовыя дарогі», — адзначылі брытанскія выведнікі.

У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі таксама мяркуюць, што публічныя рознагалосьсі паміж групоўкай «Вагнэр» і Міністэрствам абароны Расеі аб разьмеркаваньні боепрыпасаў сьведчаць аб тым, што Расеі цяжка падтрымліваць высокі ўзровень асабовага складу і боепрыпасаў, неабходных для прасоўваньня паводле іх цяперашняй тактыцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG