Затрыманьне адвакаткі палітзьняволенай у Горадні
У Горадні перад прысудам у «справе Аўтуховіча» затрымалі адвакатку. Яна абараняла аднаго з членаў сям’і Разановічаў. Адвакатку Яніну Юргілевіч з амаль 30-гадовым стажам абароны падсудных затрымалі супрацоўнікі КДБ, якія чакалі яе на рагу турмы. Прычына затрыманьня невядомая. Фігуранту «справы Аўтуховіча», якога яна абараняла, удалося хутка замяніць адваката.
Раней, 31 жніўня, затрымалі і дачку Яніны — адвакатку Юлію Юргілевіч, якая прыехала ў Беларусь з Польшчы. Юлія абараняла многіх палітвязьняў пасьля падзей 2020 году.
А 15 гадзіне зьявілася інфармацыя, што 18 кастрычніка Юлію Юргілевіч адпусьцілі.
«Справа Аўтуховіча» завяршылася 17 кастрычніка вялікімі турэмнымі прысудамі.
У Баранавічах закрылі краму з нацыянальнай сымболікай «Росквіт»
У Баранавічах 14 кастрычніка затрымалі гаспадара крамы з нацыянальнай сымболікай Юрыя Казакевіча. За дзень да гэтага на праўладных тэлеграм-каналах зьявіўся допіс пра тое, што «ў краме „Росквіт“ з-пад крыса гандлююць забароненай паліцайскай сымболікай». Гэтак тэлеграм-каналы, зьвязаныя з рэжымам Лукашэнкі, часта называюць нацыянальную бел-чырвона-белую сымболіку.
Як стала вядома праваабаронцам, мужчына выйшаў на волю з ІЧУ — яму прысудзілі тры дні арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Аднак, пакуль Казакевіч быў за кратамі, адміністрацыя гандлёвага цэнтру завесіла ўваход у краму. Вядома, што ім «настойліва раілі» зрабіць так, каб крама больш не працавала.
Крымінальная справа на гіда
На Ігара Хмару завялі крымінальную справу па арт. 342 «Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», піша @by_culture.
Яго затрымалі 2 жніўня, калі ён праводзіў экскурсію па Менску. Увечары Хмара праводзіў экскурсію па Серабранцы, а паведамленьне пра яго затрыманьне зьявілася бліжэй да ночы. Гэта была другая такая экскурсія, збор на якую ён абвясьціў у сваіх сацсетках — удзел быў бясплатны.
Ігар Хмара — беларускамоўны экскурсавод па Беларусі і журналіст. Ён пісаў пра ўрбаністыку для партала Realt.by, выданьня «Близкие новости», «Беларускага радыё» і іншых.
Два гады калёніі прысудзілі за абразу Лукашэнкі былому сьледчаму ў Бярозе
Бярозаўскі раённы суд 17 кастрычніка асудзіў былога сьледчага райаддзелу Сьледчага камітэту Максіма Куроўскага. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Натальля Вакульчык, паведамляе «Вясна».
Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Куроўскі ў адным з чатаў мэсэнджара Telegram наўмысна разьмяшчаў паведамленьні ў дачыненьні да Лукашэнкі, «непрыстойныя па форме і абразьлівыя па зьмесьце» — экспэртыза ўстанавіла, што паведамленьні нібыта «зьмяшчалі нэгатыўную ацэнку кіраўніка дзяржавы, прыніжалі ягоныя гонар і годнасьць».
40-гадовы Максім Куроўскі скончыў мясцовую школу ў Пружанах, пасьля Акадэмію МУС. Працаваў опэрупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі ў Пружанскім РАУСе. Потым — сьледчым Пружанскага райаддзелу СК. Звольніўся са службы ў 2020 годзе.
Бабруйчаніна адправілі на «суткі» за жоўтыя і блакітныя лямпадкі. Каб яго знайсьці, здымалі адбіткі пальцаў
Вячаслава Букаса арыштавалі за блакітныя і жоўтыя лямпадкі каля помніка «ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій» у Бабруйску. Яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў. Затрыманьне, як высьветлілася, адбылося яшчэ 9 верасьня, піша «„Вясна назірае“».
У пратаколе паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне) пазначана, што такім чынам Букас «выказваў сваю грамадзка-палітычную думку да Дня Незалежнасьці Ўкраіны». Сваю віну мужчына прызнаў.
Таксама на судзе дапыталі сьведку, які расказаў, што асабіста бачыў, як Букас запальвае лямпадкі. У выніку судзьдзя Алена Гормаш 12 верасьня прызнала Букаса вінаватым у «пікетаваньні» і арыштавала яго на 15 дзён.
Затрымалі арганізатарку вандровак і курсаў Чарнаморцаву
Раніцай сілавікі правялі ператрус у кватэры арганізатаркі вандровак і курсаў, актывісткі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Валерыі Чарнаморцавай. Пасьля ператрусу жанчыну забралі з сабой узброеныя сілавікі, піша «Хрысьціянская візія».
Пазьней стала вядома, што яе затрымалі на 10 сутак. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што, паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманьне зьвязанае з падзеямі 2020 году — меркавана, Валерыя праходзіць па «народным» арт. 342 КК.
Генпракуратура перадала ў суд справу супраць меркаваных адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі»
Як паведамляе ведамства, накіравана ў суд крымінальная справа па абвінавачваньні Яніны Сазановіч, Дзьмітрыя Навошы, Данііла Багдановіча, Вольгі Высоцкай, Валерыі Занімонскай — меркаваных адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі».
Іх абвінавачваюць у распальваньні сацыяльнай варожасьці і варажнечы, а таксама незаконных дзеяньнях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных.
За ўдзел у Маршах асудзілі палітзьняволеных мужа і жонку
У судзе Маскоўскага раёна Менску вынесьлі прысуды палітзьняволеным дызайнэру, фатографу Дзянісу Шарамецьеву і яго жонцы Сьвятлане.
За ўдзел у акцыях пратэсту судзьдзя Сяргей Кацэр прызначыў ім паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) два і паўтара года калёніі адпаведна. Менавіта такі тэрмін запрошваў пракурор.
Улады прызналі «экстрэмісцкім» відэа «КСЁНДЗ БАРОК — про Лукашенко и сатану, Папу Римского и покаяние, свободу и смерть»
Яно выйшла на youtube-канале «Жыцьцё-маліна».
Адпаведнае рашэньне 14 кастрычніка прыняў суд Расонскага раёну Віцебскай вобласьці.