Паводле яго слоў, апалчэньне будзе падпарадкоўвацца ня толькі «начальніку, напрыклад, раённага аддзела міліцыі». «Гэта можа быць проста ўчастковы інспэктар міліцыі, які абслугоўвае той ці іншы ўчастак, — адзначыў чыноўнік. — І ён будзе кіраваць народным апалчэньнем як чалавек, які ведае людзей, якому людзі вераць і за якім людзі пойдуць».
У мясцовых органаў улады, заявіў Кубракоў, «будуць сьпісы тых грамадзян, хто выказаў жаданьне добраахвотна гарантаваць бясьпеку сваіх дамоў, сваіх родных і блізкіх, пэўных аб’ектаў».
«Міліцыя будзе дапамагаць у навучаньні: у навучаньні валоданьню зброяй, як несьці службу, што неабходна рабіць. І на сёньняшні дзень, я хачу сказаць, такіх людзей вельмі шмат», — сьцьвярджае ён.
Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка МУС, перад выдачай зброі апалчэнцаў чакае пэўная праверка.
«Распрацаваны цэлы альгарытм, сыстэма. Кожны чалавек будзе правераны, і зброя проста так выдавацца не будзе, — падкрэсьліў ён. — Будзе весьціся, па-першае, улік, каму ўручаецца гэтая зброя. І той чалавек, якому зброя будзе ўручацца, вядома, мы яго праверым: прыцягваўся ён раней да крымінальнай адказнасьці, не прыцягваўся. Гэта значыць, гэта будуць людзі, якія ўжо правераныя. Але, натуральна, будзе пэўны кантроль за гэтымі людзьмі».
У эфіры праграмы «Контуры» на ОНТ Кубракоў таксама заявіў, што ў міліцыі «сёньня няма абсалютна ніякага кадравага голаду». Паводле яго слоў, ведамства цяпер працуе над будучымі кадрамі, «пачынаючы са школьнай лавы».
- Міністар абароны Віктар Хренін па выніках пасяджэньня Савета бясьпекі 20 лютага паведаміў, што «народнае апалчэньне» стане «дадатковым фактарам» для «падтрыманьня правапарадку ў пэрыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахопленыя органамі ўнутраных спраў і войскамі».
- 3 чэрвеня 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскай савеце мець народнае апалчэньне, гэтую групку людзей». У выпадку ваенных дзеяньняў, упэўнены ён, атрады апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвам для тэрытарыяльнай абароны».
- Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у камэнтарыі BPN выказаў меркаваньне, што стварэньне ў Беларусі «народнага апалчэньня» як структуры, паралельнай МУС і Ўзброеным сілам, можна будзе расцэньваць як крок да ваеннай дыктатуры.