24 лютага Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна абвясьціла аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне ў памеры двух мільярдаў даляраў. У новы пакет увойдуць боепрыпасы для ракетных комплексаў HIMARS і бесьпілётнікаў. Абсталяваньне будзе заказвацца ў амэрыканскай прамысловасьці і ня будзе пастаўляцца ў Кіеў адразу пасьля анонсу.
У Белым доме паведамілі, што пакет будзе ўключаць бесьпілётнікі CyberLux K8, Switchblade 600, Altius-600 і Jump 20, абсталяваньне для барацьбы з бесьпілётнікамі, для ўзмацненьня супрацьпаветранай абароны Ўкраіны і абароны насельніцтва, а таксама абсталяваньне для выяўленьня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Пакет таксама ўключае ў сябе вялікую колькасьць боепрыпасаў для 155-мілімэтровых артылерыйскіх установак, абсталяваньне для разьмінаваньня і забесьпячэньня абароненай сувязі.
24 лютага Белы дом таксама абвясьціў аб новым пакеце санкцый і абмежаваньняў супраць расейскай эканомікі, адзначае «Голас Амэрыкі».
Яны закрануць больш за 200 фізычных і юрыдычных асобаў, як расейскіх, так і трэціх краінаў. Вашынгтон павысіць мыты на больш як 100 відаў расейскай мэталюргічнай і хімічнай прадукцыі і карысных выкапняў на агульную суму 2,8 млрд даляраў.
Як паведамляе Белы дом, 24 лютага лідары краін «сямёркі» сустрэнуцца, каб абвясьціць аб новых эканамічных абавязаньнях у прыцягненьні Расеі да адказнасьці за яе вайну. На пасяджэньні будзе абвешчана аб стварэньні мэханізму кантролю за выкананьнем ужо ўведзеных санкцый.