Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні заявілі, што беларускія спэцслужбы спрабуюць вэрбаваць літоўцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Літоўскі памежны пункт пропуску Лаварышкес на мяжы зь Беларусьсю. Верасень 2022 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Літоўскі памежны пункт пропуску Лаварышкес на мяжы зь Беларусьсю. Верасень 2022 году

Пры ўезьдзе ў Беларусь спэцслужбы ня толькі правяраюць у грамадзян Літвы асабістыя рэчы і тэхніку, але і імкнуцца атрымаць зьвесткі пра палітычныя погляды, сваякоў і сяброў, месца працы і стаўленьне да вайны Расеі супраць Украіны, заявіў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы.

«Такія апытаньні выкарыстоўваюцца для вярбоўкі грамадзян Літвы і ўцягваньня іх у варожую дзяржаве дзейнасьць. Апошнім часам большасьць выпадкаў вярбоўкі і шпіянажу былі прыкладамі вядзеньня выведкі з тэрыторыі, гэта значыць, людзей, якія пагадзіліся супрацоўнічаць з варожай выведкай, вэрбавалі на тэрыторыі Беларусі або Расеі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства, які цытуе BPN.

Таксама ў ім зазначаецца, што падтрымка Ўкраіны і беларускай апазыцыі літоўцамі пры апытаньні «можа расцэньвацца як варожыя дзеяньні, за якія ў Беларусі можа пагражаць арышт або нават турэмнае зьняволеньне».

Грамадзян Літвы заклікаюць пазьбягаць паездак у Беларусь і Расею, а ўсіх, хто сутыкнецца з спэцслужбамі Беларусі або апынецца ў падазроных сытуацыях на літоўска-беларускай мяжы, — паведамляць пра гэта ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы.

З 15 красавіка 2022 году Беларусь увяла бязьвізавы ўезд для грамадзян Літвы і Латвіі, з 1 ліпеня — для грамадзян Польшчы. У сьнежні Лукашэнка працягнуў дзеяньне бязьвізу на 2023 год.

Улады Літвы і Латвіі насьцярожана паставіліся да ўвядзеньня бязьвізу і заклікалі сваіх грамадзян не наведваць Беларусь, кажучы, што іх могуць паспрабаваць завэрбаваць беларускія спэцслужбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG