Як паведамлялася, 27 лютага ў Эўразьвязе пачалося абмеркаваньне новых санкцыяў адносна Беларусі. У 10-ы пакет санкцыяў, скіраваных супраць Расеі, Беларусь ня трапіла.
Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк ужо расказваў пра хаду папярэдняга абмеркаваньня санкцыяў адносна Беларусі. Мы пацікавіліся ў Рыкарда, знаўцы мэханізмаў прыняцьця рашэньняў у Брусэлі, пра матывацыі ўдзельнікаў гэтых дыскусіяў.
— Рыкард, ці ўплываюць на рашэньні ЭЗ пра санкцыі адносна Беларусі розныя бачаньні наконт таго, наколькі Аляксандар Лукашэнка аўтаномны ў пытаньні адпраўкі ці неадпраўкі беларускіх войскаў на вайну?
Вэрсія 1. Калі ён у пэўнай ступені аўтаномны, то мае сэнс праводзіць гнуткую санкцыйную палітыку, вар’юючы санкцыі, адмаўляючыся ад новых санкцый, каб не падштурхнуць Лукашэнку ўступіць у вайну беларускім войскам.
Вэрсія 2. Калі самастойнасьці Лукашэнкі ў гэтым пытаньні няма, то ўзровень санкцыяў адносна Беларусі і іх гнуткасьць ніяк не ўплываюць на рашэньне Ўладзіміра Пуціна — адпраўляць ці не адпраўляць беларускае войска на вайну. Таму супраць Беларусі ёсьць сэнс ужываць такія ж санкцыі, як і супраць Расейскай Фэдэрацыі.
Хто якой з гэтых вэрсіяў прытрымліваецца?
— Я лічу, што ўмоўная вэрсія 1 пераважае ў Брусэлі наогул. У гэтым пытаньні, на самой справе, няма розных лягераў. Я б сказаў, што існуе адзіная думка, якая грунтуецца на доказах, што існуе розьніца паміж Расеяй і Беларусьсю ў тым, як гэтыя дзьве краіны ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Украіны. Усе прызнаюць, што Лукашэнка і яго рэжым дапамагаюць Маскве, але ніхто не сьцьвярджае, што Беларусь наўпрост адказная за ўчыненьне зьверстваў ва Ўкраіне. І гэтая візія ляжыць у аснове вызначэньня ўзроўню цяжкасьці санкцыяў адносна Расеі і Беларусі.
Да таго ж, як я казаў у сваім ранейшым інтэрвію, ня варта недаацэньваць уплыў уладаў Украіны на прыняцьце рашэньняў у Брусэлі адносна санкцыяў. Я ведаю, што Кіеў афіцыйна адмаўляе такі свой уплыў, але ў мяне ёсьць інфармацыя зь некалькіх крыніцаў, што Ўкраіна адыграла важную ролю ў тым, што ў апошнія месяцы Брусэль ня ўводзіў дадатковых санкцыяў адносна Беларусі. Для ўкраінцаў гэта звыклы спосаб (modus operandi) працы з рэжымам Лукашэнкі.
— У якой ступені рашэньні пра санкцыі адносна Беларусі, якія прымаюць у ЭЗ, вызначаюцца выведнай інфармацыяй, скажам, пра ўзаемаадносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным?
— Што тычыцца выведнай інфармацыі, то я павінен вывучыць гэтае пытаньне, але, па маіх адчуваньнях, выведкі краін Эўразьвязу здабываюць няшмат каштоўнай інфармацыі зь Менску і з Масквы. Вы былі б зьдзіўлены тым, як часта, прымаючы рашэньні ў гэтыя дні, у ЭЗ грунтуюцца на паведамленьнях сродкаў масавай інфармацыі і інфармацыі, сабранай іншымі крыніцамі (у тым ліку і выведкамі ЗША і іншых краінаў па-за межамі Эўразьвязу).
— А цяпер — пра інтарэсы краінаў ЭЗ. Існуе думка, што жорсткая пазыцыя краінаў Балтыі і Польшчы адносна санкцыяў супраць Беларусі тлумачыцца тым, што для іх прыярытэтныя меркаваньні бясьпекі. І аслабленьне вайсковага патэнцыялу Беларусі праз аслабленьне яе эканамічнага патэнцыялу — гэта для іх самае галоўнае, а іншыя чыньнікі — другасныя ці наагул ня маюць значэньня. Гэта сапраўды так?
— Калі гаворка ідзе пра інтарэсы, зразумела, што балтыйскае трыё і Польшча глядзяць на сытуацыю скрозь прызму бясьпекі. Але ёсьць яшчэ адзін аспэкт, які я лічу важным і які я закрануў у нядаўнім інтэрвію вашай службе — гэта інтарэсы «Сусьветнага поўдня». На мой погляд, гэта адзін з самых важных аспэктаў гэтай вайны, пра які, аднак, няшмат гавораць.
Захад цяпер ужо ня мае такой вялікай падтрымкі ў сьвеце. Мы бачым, як няшмат незаходніх краінаў падтрымліваюць заходнія санкцыі адносна Расеі і Беларусі. І мы таксама бачым, наколькі ўважліва Захад ставіцца да праблемаў бясьпекі «Сусьветнага поўдня» — асабліва да росту цэнаў на прадукты харчаваньня. Гэта, па сутнасьці, тое, што стрымлівае прыняцьцё новага пакету санкцыяў адносна Беларусі. Даволі вялікі ўплыў мае пазыцыя, што для экспарту ўгнаеньняў павінны быць зробленыя палёгкі, бо Беларусь пастаўляе шмат угнаеньняў за межы Эўропы.
Бразылія, па сутнасьці, падштурхоўвае Партугалію, каб гэтага дамагчыся. У гэтым Партугалію падтрымліваюць Бэльгія і Нідэрлянды. У сваю чаргу Літва, пры падтрымцы Латвіі, Эстоніі і Польшчы, пярэчыць гэтаму і ня хоча дапускаць ніякіх палёгак у экспарце беларускіх угнаеньняў.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.