Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар Блінкен падтрымаў сувэрэнітэт постсавецкіх краін Цэнтральнай Азіі. Тлумачым, што адбываецца


Энтані Блінкен падчас сустрэчы зь кіраўнікамі МЗС краінаў Цэнтральнай Азіі, Астана, 28 лютага 2023
Энтані Блінкен падчас сустрэчы зь кіраўнікамі МЗС краінаў Цэнтральнай Азіі, Астана, 28 лютага 2023

На гэтым тыдні дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен наведвае краіны Цэнтральнай Азіі.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Яго візыт праходзіць на фоне заяваў адміністрацыі Джо Байдэна аб падтрымцы незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці пяці краінаў рэгіёну, якія падтрымліваюць шчыльныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльна-культурныя сувязі з Расеяй.

Былы амбасадар ЗША ў Казахстане і Таджыкістане Рычард Хогланд бачыць у паездцы Блінкена «прыемны напамін лідэрам Цэнтральнай Азіі, што ЗША ў сваёй зьнешняй палітыцы надаюць ім увагу, у той час як ім даводзіцца мець справу з традыцыйна дамінуючым партнэрам, Расеяй, з-за злачыннай вайны прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна ва Ўкраіне».

Памочнік дзяржсакратара Дональд Лу, высокапастаўлены чыноўнік, які суправаджае Блінкена ў паездцы па рэгіёне, дадаў, што вайна Расеі ва Ўкраіне аказвае вялікі ціск на гэтыя краіны.

«Мы бачым высокія кошты на прадукты харчаваньня і паліва, высокае беспрацоўе, складанасьці з экспартам іх тавараў, павольнае аднаўленьне пасьля COVID-19 і вялікі прыток мігрантаў з Расеі. Мы працуем над тым, каб падтрымаць людзей у рэгіёне», — заявіў Лу журналістам на брыфінгу на мінулым тыдні.

У аўторак Блінкен возьме ўдзел у сустрэчы ў фармаце «С5+1» — дыпляматычным дыялёгу паміж пяцьцю краінамі Цэнтральнай Азіі і Вашынгтонам, які быў запушчаны ў 2015 годзе для ўмацаваньня рэгіянальнага супрацоўніцтва.

У Казахстане таксама заплянаваныя двухбаковыя перамовы з міністрамі замежных справаў Кіргізстана, Таджыкістана і Туркмэністана.

Чакаецца, што на сустрэчах з прэзыдэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым у Астане ў аўторак і з прэзыдэнтам Узбэкістана Шаўкатам Мірзіёевым у Ташкенце ў сераду Блінкен сфакусуецца на пытаньнях бясьпекі і эканамічным супрацоўніцтве, але таксама закліча лідэраў паскорыць абяцаныя рэформы.

«Прасоўваньне правоў чалавека ў Цэнтральнай Азіі заўсёды было адным з галоўных прыярытэтаў ЗША. Мы адданыя падтрымцы ўразьлівых групаў насельніцтва ў Цэнтральнай Азіі. Размова, у прыватнасьці, ідзе пра ўцекачоў, прасіцеляў прытулку, прадстаўнікоў ЛГБТКІ+, жанчын і дзяўчынак», — сказаў Лу.

Дзярждэпартамэнт і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зазначаюць, што, нягледзячы на прагрэс, дасягнуты ў Казахстане і Узбэкістане, у гэтых краінах маюць месца шырокамаштабныя парушэньні асноўных свабодаў, асабліва з боку праваахоўных і іншых органаў улады.

У сытуацыі, калі Ўкраіна займае важнае месца ў парадку дня Блінкена, Лу заявіў журналістам: «Мы не просім краіны выбіраць паміж намі і Расеяй або паміж намі і Кітаем».

Паводле слоў Лу, Астана і Ташкент цэняць унікальны палітычны і эканамічны ўнёсак Амэрыкі, які «адрозьніваецца ад вынікаў кантактаў з Масквой і Пэкінам».

Хоць Казахстан і Узбэкістан пазьбягаюць прамога асуджэньня ўварваньня Крамля ва Ўкраіну, яны адмовіліся прызнаць незалежнасьць падтрыманых Расеяй сэпаратысцкіх рэгіёнаў Украіны і іх анэксію Пуціным у мінулым годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG