Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Брусэлі: «Вайна Пуціна супраць украінцаў стала магчымай дзякуючы вайне Лукашэнкі зь беларусамі»


Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Каледжы Эўропы, Брусэль, 28 лютага 2023
Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Каледжы Эўропы, Брусэль, 28 лютага 2023

1 сакавіка Ціханоўская адкрые місію «Дэмакратычнай Беларусі» ў Брусэлі.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у бэльгійскай сталіцы з 28 лютага па 2 сакавіка.

28 лютага Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад студэнтамі Каледжа Эўропы і Эўрапэйскай дыпляматычнай акадэміі, дзе падкрэсьліла, што вайна Расеі супраць Украіны ня скончыцца пакуль Беларусь не стане вольнай:

«Год таму Расея напала на нашых сясцёр і братоў ва Ўкраіне. Пра што людзі часам забываюць, дык гэта пра іншую вайну, якая ўсё яшчэ працягваецца — вайна Лукашэнкі супраць народа Беларусі. Гэтыя дзьве вайны ўзаемазлучаныя: вайна Пуціна супраць украінцаў стала магчымай дзякуючы вайне Лукашэнкі зь беларусамі»,— заявіла Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская распавяла што рэжым у Менску ставіць пад пагрозу бясьпеку ўсей Эўропы:

«Барацьба з тыраніяй не абмяжоўваецца межамі. Калі Ўкраіна пераможа, але Лукашэнка будзе ў Менску, усё роўна застанецца сталая пагроза Ўкраіне і астатняй Эўропе. Толькі вызваленьне беларусаў ад тыраніі прывядзе да сапраўднай перамогі, справядлівасьці, дэмакратыі і свабоды ва Ўсходняй Еўропе. Гэтая барацьба ня скончыцца, пакуль Беларусь не стане свабоднай, дэмакратычнай краінай»,— сказала Ціханоўская.

Ціханоўская расказала пра беларускі дэмакратычны рух падчас вайны Расеі супраць Украіны, падкрэсьліла, што беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазыцыю:

«Беларускі супраціў мужна змагаецца далей. Беларускія валянтэры дапамагаюць украінскім сілам інфармаваньнем іх аб перамяшчэньні расейскіх ваенных канвояў і самалётаў. 26 лютага на ваеннай авіябазе пад Менскам беларускія партызаны зьнішчылі вельмі важны расейскі баявы самалёт. Гэты акт супраціву ўжо параўноўваюць з патапленьнем крэйсера "Масква"»,— расказала Ціханоўская.

Плянуецца, што 1 сакавіка Сьвятлана Ціханоўская адкрые місію «Дэмакратычнай Беларусі» ў Брусэлі, паведамляе яе прэсавая служба.

Ціханоўская таксама возьме ўдзел у панэльных дэбатах разам з выканаўчым віцэ-прэзыдэнтам Эўрапэйскай камісіі па Эўропе Маргрэт Вестагер і генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пэйчыновіч-Бурыч.

Лідар дэмакратычнай Беларусі таксама сустрэнецца з віцэ-прэзыдэнтам Еўрапарлямента Мікалаем Бірам, з дэлегацыяй Еўрапарлямента па сувязях з Беларусьсю і з беларускай дыяспарай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG