Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў ByPol узяла на сябе адказнасьць за арганізацыю гэтай атакі. У тэлеграм-канале арганізацыі пішуць, што ў выніку двух выбухаў пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлякацыйная антэна.
Чаму цэльлю стаў менавіта гэты самалёт? Як можна было ажыцьцявіць такую апэрацыю і чаму пра гэта маўчыць прапаганда ў Беларусі і Расеі? На гэтыя і іншыя пытаньні ў эфіры Свабоды Premium адказвае экспэрт украінскага Цэнтру дасьледаваньняў войска, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайла Самусь.
«Аэрадром у Мачулішчах — адзін з самых ахоўваемых, бо там базуецца расейская авіяцыя. Гэта б’е па Лукашэку з двух напрамкаў. Ён ня змог гарантаваць бясьпеку такому важнаму самалёту. Такія самалёты забясьпечваюць нанясеньне ракетных удараў па ўкраінскай тэрыторыі. І з мора, і з паветра, і з наземных сытэмаў. Для Лукашэнкі гэта шок. То бок сыстэма аховы важных аб’ектаў неэфэктыўная. Па-другое, ён рыхтуецца да важнай паездкі ў Кітай. Там ён маецца дамаўляцца пра альтэрнатыўны напрамак адносін пасьля паразы Расеі ва Ўкраіне». — лічыць Самусь.
На думку ўкраінскага экспэрта, для такой апэрацыі патрэбная агентура ў ахове аб’екта, у пэрсанале аэрадрому. Ён перакананы, што нехта з пэрсаналу забясьпечыў посьпех апэрацыі, паколькі ў такія аб’екты надзвычай часта трапіць чалавеку, які ня мае такіх паўнамоцтваў.
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
- Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
- Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
- Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
- Выданьне «Зеркало» піша, што сілавікі шукаюць падазраванага ў дывэрсіі ў Мачулішчах і разаслалі арыенціроўку з фота
- Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
Сувязь з рэдакцыяй у Telegram — @SvabodaBelarus
Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669