Беларускія сілавікі шукаюць падазраванага ў дывэрсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на чытача выданьня. Паводле вэрсіі сілавікоў, падазраваны — Мікалай Швец, ураджэнец Крыму.
«Па працоўных чатах супрацоўнікаў аўтапаркаў у Гомлі раскінулі арыентыроўку з фота, разьвешваць пакуль ня сталі, — расказаў чытач. — Гэта дасылалі ня толькі ім, і мэдыкам паведамлялі, і маршрутчыкам дзяржаўным. Сказалі праяўляць пільнасьць».
Як вынікае з арыентыроўкі, 29-гадовага ўраджэнца Крыму Мікалая Швяца шукае УУС Менгарвыканкаму праз падазрэньне ва ўчыненьні «асабліва цяжкага злачынства ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы 26 лютага».
У АУС Гомельскага райвыканкаму, куды патэлефанавала журналістка «Зеркала», пацьвердзілі, што такога чалавека шукаюць.
— Я бачыла арыентыроўку: напісана, шукаецца Швец Мікалай Уладзімеравіч, за ўчыненьне асабліва небясьпечнага злачынства. Гэта так?
— А вы падобнага некага, можа, бачылі?
— Ну быццам не, у яго такая стандартная зьнешнасьць. Проста неяк боязна стала, што вось такі небясьпечны злачынец можа па вуліцах хадзіць, што вось так актыўна яго шукаюць.
— Не хвалюйцеся, на вуліцу выходзіць можна, звычайным жыцьцём жыць можна. Але калі раптам вы ўбачыце кагосьці падобнага, патэлефануйце, калі ласка, — папрасіў дзяжурны.
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу Nexta, арыентыроўкі таксама разаслалі ва ўсе райаддзелы міліцыі і Міністэрства надзвычайных сытуацый.
Кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў заявіў, што нічога ня ведае пра такога чалавека, як Швец. «Нам гэты твар незнаёмы», — сказаў Азараў у камэнтары для «Зеркала».
Тэлеграм-канал ByPol 26 лютага ў 16:05 паводле менскага часу паведаміў, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам раніцай таго ж дня адбыліся два выбухі, якімі быў пашкоджаны расейскі вайсковы самалёт. Пазьней зьявілася інфармацыя пра магчымы падрыў самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.
- ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі на сябе ўдзельнікі пляну «Перамога».
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньня, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
- Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
- Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
- Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
- Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
Сувязь з рэдакцыяй у Telegram — @SvabodaBelarus
Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669