26 лютага дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнс расказаў у эфіры тэлеканала СBS аб тым, што, на яго думку, рухае Ўладзімірам Пуціным у агрэсіі супраць Украіны, піша «Голас Амэрыкі».
Па словах Бэрнса, Пуцін думае, што «ён можа прымусіць час працаваць на сябе, што ён можа перабіць украінцаў, што ён можа выматаць нашых эўрапейскіх саюзьнікаў і што палітычная стомленасьць на Захадзе рана ці позна наступіць».
«Пуцін лічыць, што мы, амэрыканцы, схільныя да сындрому дэфіцыту ўвагі і што ўрэшце, рана ці позна, перанясём сваю ўвагу на нейкую іншую праблему. І таму Пуцін шмат у чым, я думаю, сёньня лічыць, што так, на працягу нейкага часу ён ня зможа атрымаць перамогі, але ў той жа час ён ня можа дазволіць сабе прайграць. Гэта ягонае перакананьне. Так што, замест таго, каб шукаць ці спосаб адступіць, ці нейкае выйсьце са становішча, якое б задаволіла ўсіх, Пуцін зрабіў двайную стаўку. І яна, па любых аб’ектыўных мерках, пакуль зьяўляецца стратэгічным правалам для Расеі», — растлумачыў дырэктар ЦРУ.
На пытаньне вядучай СBS Маргарэт Брэнан, ці разумее Пуцін, што ён проста кідае сваіх маладых салдатаў у мясарубку, і якую цану страт павінна заплаціць Расея, каб Пуцін зьмяніў сваю думку, Уільям Бэрнс адказаў, што «Пуцін зусім не сэнтымэнтальны ў адносінах да чалавечых ахвяр і вялізных страт, якія яго краіна нясе падчас гэтай вайны».
Як падкрэсьліў Бэрнс, «у Пуціна па-ранейшаму застаецца шмат фанабэрыстасьці ў ягоных ацэнках вайны, і самае галоўнае, што можна зрабіць, каб разьвеяць гэтую пыху ў пэрспэктыве 2023 году, — гэта аказваць разнастайную матэрыяльную і выведвальную падтрымку нашым украінскім партнэрам, каб яны аднавілі імпульс на полі бою».
Дырэктар ЦРУ адзначыў, што, як былы дыплямат, ён хацеў бы ўбачыць магчымасьці для перамоваў, але «ня думае, што расейцы сёньня настроеныя сурʼёзна на перамовы».
«На маю думку, толькі прагрэс на полі бою можа паўплываць на паляпшэньне пэрспэктывы перамоваў у будучыні. І гэта будзе рашэньне ўкраінцаў, — адзначыў Бэрнс. — Задача ня толькі нашай выведніцкай супольнасьці, але ўраду ЗША — аказваць усю магчымую падтрымку ўкраінцам, каб яны маглі ўмацаваць свае пазыцыі на полі бою і, у канчатковым выніку, за сталом перамоваў».
На пытаньне аб тым, у які момант Пуцін, які кантралюе сёньня 18% тэрыторыі Ўкраіны, можа ўсьвядоміць, што яму яе не перамагчы, Бэрнс адказаў, што «Пуцін у цяперашні момант занадта ўпэўнены ў сваёй здольнасьці выматаць Украіну, раздушыць яе, і ўсё сьведчыць пра тое, што ён зараз поўны рашучасьці менавіта гэта і рабіць». Але, на думку Бэрнса, «у нейкі момант Пуціну давядзецца сутыкнуцца з ростам выдаткаў і ціску».
«У трунах дадому вяртаюцца салдаты з самых бедных куткоў Расеі; многія прызыўнікі, якіх кідаюць у якасьці гарматнага мяса на фронт... — гэта выхадцы з Дагестану і Бураціі, самых бедных рэгіёнаў Расеі. Ёсьць і кумулятыўны эканамічны ўрон Расеі. І вялізная рэпутацыйная шкода для Расеі. Тое, што адбываецца цяпер, не зьяўляецца добрай рэклямай для продажаў расейскай зброі. Так што з часам усе гэтыя фактары накладуцца адзін на другі. Але сёньня, калі гаварыць шчыра, Пуцін поўны рашучасьці [ваяваць далей]», — адзначыў дырэктар ЦРУ.
Камэнтуючы стаўленьне да вайны ва Ўкраіне з боку Кітая, ён падкрэсьліў, што кітайскі лідэр Сі Цзіньпін уважліва сачыў за ходам гэтай вайны, і, на думку Бэрнса, «у многіх адносінах ён быў устрывожаны і выцьверажаны ўбачаным».
Наконт магчымасьці перадачы Кітаем сьмяротнай зброі Расеі Бэрнс сказаў, што ЦРУ старанна за гэтым сочыць.
«Я думаю, што Кітай вельмі старанна ўзважвае гэтае пытаньне. І мы, безумоўна, надзвычай ясна прадэманстравалі сурʼёзнасьць наступстваў для нашых адносін і для адносін Кітая з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі», — сказаў Бэрнс. — Мы пачалі атрымліваць выведдадзеныя, якія гавораць, што Кітай разглядае магчымасьць перадачы сьмяротнай зброі. Гэта не азначае, што яны ўжо прынялі пра гэта канчатковае рашэньне... але, безумоўна, што мы ставімся да гэтага вельмі сурʼёзна і вельмі ўважліва за гэтым назіраем».