Затрыманьні ў Дзяржынску
Слухачы «Еўрарадыё» паведамляюць, што затрыманьні ўчора адбыліся і ў Дзяржынску. «Вясьне» пакуль вядома імя аднаго затрыманага — гэта 34-гадовы Сяргей Еўтуховіч. Падрабязнасьці высьвятляюцца.
Па інфармацыі праваабаронцаў, затрыманьні ўчора адбыліся таксама ў Мачулішчах і Фаніпалі.
Учора каля 9-й раніцы на аэрадроме ў Мачулішчах былі чутныя два выбухі. ByPol заявіў, што беларускія «партызаны» нібыта падарвалі каштоўны расейскі самалёт дальняй выведкі ДРЛВ А-50. Усяго такіх самалётаў у Расеі дзевяць, спраўных і няспраўных. Ён выкарыстоўваўся для навядзеньня расейскіх ракет на цэлі ва Ўкраіне.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Лекара са Смаргоні асудзілі на 6 гадоў калёніі за камэнтары на YouTube
Як паведамляе Сьледчы камітэт, гарадзенскі абласны суд прысудзіў 57-гадоваму лекару са Смаргоні 6 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу ў памеры 1850 рублёў (50 базавых велічыняў) за камэнтары, якія той пакінуў у YouTube.
Яго прызналі вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу:
распальваньні варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК) закліках да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт.а 361 КК) паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК) абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК) абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК)
Згодна з матэрыяламі справы, мэдык з кастрычніка 2020 па чэрвень 2022 году пакінуў каля 450 камэнтароў пад відэа на YouTube, у іх ён выказваў падтрымку Ўкраіне і Сьвятлане Ціханоўскай.
«Заклікаў да гвалту ў дачыненьні да сілавікоў»: 3 гады калёніі Аляксандру Емяльянаву
У Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 34-гадоваму жыхару сталіцы Аляксандру Емяльянаву, абвінавачанаму ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), паведамілі праваабаронцы «Вясны».
Судовы працэс праходзіў з 25 па 27 студзеня. Судзьдзя — Алена Місьнік.
Паводле абвінавачаньня, Аляксандр Емяльянаў, 20 лістапада 2020 году, затым 19 сьнежня 2021 году, а таксама зь лютага па травень 2022 году са свайго мабільнага тэлефона разьмясьціў у Тэлеграме некалькі паведамленьняў, у якіх «утрымлівалася відавочна нэгатыўная ацэнка супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў, а таксама групы асобаў, аб’яднаных па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасьці». Паводле лінгвістычнай экспэртызы ў іх абвінавачаны заклікаў да гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў такіх групаў.
Таксама Емяльянаў 6 сакавіка і 29 траўня 2022 году са свайго мабільнага тэлефона разьмясьціў у Інтэрнэце камэнтары, у якіх даваў відавочна нэгатыўную ацэнку асобы Аляксандра Лукашэнкі, «прыніжаў яго гонар і годнасьць».
Суд па сукупнасьці абвінавачваньняў прызначыў Емяльянаву пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін тры гады з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Пінску зноў судзяць блогера Мікалая Клімовіча
У судзе Пінскага раёну і гораду Пінску разглядаюць крымінальную справу супраць мясцовага блогера Мікалая Клімовіча. Яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу, паведамляе БАЖ.
Падставай для перасьледу паслужыла карыкатура: блогер разьмясьціў у адной з сацыяльных сетак сатырычны малюнак з Лукашэнкам.
Судовы працэс над блогерам будзе весьці судзьдзя Андрэй Бачыла.
Мікалай Клімовіч — інвалід 2-й групы, перанёс апэрацыю на сэрцы і інсульт.
Нядаўна яго ўжо судзілі за падобныя дзеяньні, але ў адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. Падставай стала тое, што ў сацсетцы «Одноклассники» Клімовіч дазволіў сабе пасьмяяцца з карыкатуры на Ўладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме — пад карыкатурай паставіў смайлік «сьмешна». Судзьдзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сымболікі і прызначыў яму штраф памерам у 111 беларускіх рублёў.
Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў сьнежні 2022 году. Тады яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі ён адседзеў трое сутак, пасьля яму стала дрэнна з сэрцам, тады міліцыянты перадалі яго лекарам і вызвалілі да суду.
Бабруйчаніна асудзілі на тры гады калёніі за абразу Лукашэнкі і крадзеж ровараў
У судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйска 14 лютага асудзілі Паўла Амяльянава паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Судзьдзя Вольга Серакова прызначыла Паўлу 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паўла абвінавацілі ў тым, што ён 27 сьнежня 2020 году зрабіў рэпост публікацыі з выявай Лукашэнкі ў тэлеграм-канале, пад якой пакінуў абразьлівыя камэнтары. Таксама яму паставілі ў віну тое, што ён з 20 чэрвеня 2021 па 12 ліпеня 2022 году «сыстэмна» краў ровары, якія захоўваліся ў шматкватэрных дамах (агулам ён нібыта скраў 27 ровараў на 11 тысяч беларускіх рублёў).
Мужчына раскаяўся і цалкам прызнаў віну.
У Менскім гарадзкім судзе працягваюць судзіць журналіста Генадзя Мажэйку
Менскі гарадзкі суд пасьля доўгага перапынку працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць палітзьняволенага журналіста Генадзя Мажэйкі.
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу. Генадзю пагражае да пяці гадоў зьняволеньня. Падставай стала публікацыя на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Публікацыя пабыла на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт беларускага выданьня «КП» заблякавалі, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.
Генадзя Мажэйку затрымалі летась у кастрычніку ў маскоўскім аэрапорце, неўзабаве пасьля выхаду ягонага артыкула.