Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына расказала, як страціла частку пальца пасьля сустрэчы з АМАПам


Вольга Сьцепаненка
Вольга Сьцепаненка

У ноч з 5 на 6 лістапада мінулага году АМАП зладзіў аблаву на вечарынку ў менскім клюбе Hide. Сілавікі тады нібыта шукалі наркотыкі. Для Вольгі Сьцепаненкі, якая ў тую ноч была ў клюбе, гэта скончылася адарванай часткай пальца і адміністрацыйным арыштам. Толькі цяпер яна вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй з фондам BYSOL і выданьнем «Наша Ніва».

Вольга Сьцепаненка адзначала тады ў клюбе дзень народзінаў. Яна згадвае, як на вечарынку ўварваліся амапаўцы.

«Яны паводзілі сябе жорстка. Я была каля ўваходу, калі яны пачалі ўбягаць. Яна пранікалі вельмі груба, крычалі. Адразу сказалі, каб выключылася музыка, каб мы тварам у падлогу леглі, галовы не паднімалі і рукі за сьпіну. Увесь клюб лёг», — расказала яна «Нашай Ніве».

«Хутчэй за ўсе ботам наступілі. Я проста нічога не адчула ў момант, калі гэта адбылося. Калі я ўжо ляжала, я выцягнула руку, гляджу — там няма ўжо пазногця і рана была, адарваная частка», — згадвае дзяўчына. Паводле яе, вакол было шмат крыві.

Уначы ў машыне хуткай дапамогі АМАП запісаў яе зьвесткі. У 6-й бальніцы дзяўчыне ампутавалі пазногцевую фалянгу.

«Раніцай пасьля бальніцы я прыехала дадому, пасьля чаго да мяне прыйшлі два міліцыянты. Яны сказалі мне ехаць з імі ў РУУС. Падчас паездкі ўзялі праверыць мой тэлефон. У РУУС апісалі і забралі мае рэчы. Нічога супрацьзаконнага ў тэлефоне выяўлена не было, але мяне пасадзілі за краты ў РУУС да высьвятленьня абставінаў», — распавяла Вольга фонду «Байсол».

У бальніцы яе траўму, імаверна, аформілі як крымінал з боку АМАПу. Калі Вольга была ў РУУС, прыяжджаў сьледчы, які мусіў разьбірацца з гэтым здарэньнем.

Дзяўчына сказала, што да АМАПу прэтэнзій не мае, каб пазьбегнуць праблем. Але на яе ўсё адно склалі пратакол па артыкуле 19.1 за «дробнае хуліганства» і адправілі ў турму на Акрэсьціна. Пасьля суд даў ёй 15 сутак. У пратаколе міліцыянты напісалі, што яна ў РУУС нібыта «гучна крычала, на патрабаваньні супакоіцца не рэагавала».

«Падчас арышту мне адмаўлялі ў перавязцы пальца амаль кожны раз, калі я прасіла (зрабілі толькі адзін раз). Трэба было праверыць прышчэпку ад слупняка, каб не заразіцца, але гэтага не зрабілі. Як потым высьветлілася, у мяне як раз скончыўся тэрмін дзеяньня гэтай прышчэпкі і яе трэба было зрабіць тэрмінова для прафіляктыкі».

Камэра дзяўчыны была перапоўненая, піша BYSOL: 14 чалавек на 4 месцы. Жанчынам не выдавалі матрацы і коўдры, сьвятло не выключалі, будзілі пару разоў за ноч, рэдка давалі мыла і туалетную паперу.

«Вы тут, каб пакутаваць», — казалі ім.

«Калі я выйшла з турмы, са мной зьвязаўся сьледчы па гэтай справе. Завялі крымінальную справу, дзе я лічылася пацярпелай. Але я напісала адмову, улічваючы, што мяне запалохвалі ўвесь гэты час. У канцы ён параіў мне зьязджаць з краіны, сказаў, што з гэтай справай могуць узьнікаць праблемы, плюс да ўсяго ў краіне актыўна ідзе працэс апрацоўкі камэр па распазнаньні асоб, і калі мой твар знойдуць на мітынгах, то будзе крыміналка і „хімія“. А такіх мітынгаў было шмат. Я адчувала, што мне ў Беларусі небясьпечна. Могуць у любы момант прыйсьці, як гэта і было з дзяўчатамі, з якімі я сядзела (садзяць за камэнтары і рэпост). Плюс, было ўсё роўна страшна з гэтай справай».

У студзені яна атрымала гуманітарную візу і выехала ў Польшчу. Жыве ў знаёмага і шукае працу. Вольга запусьціла збор на BYSOL, каб былі грошы на першы час жыцьця ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG