Эстонскі дыплямат Марка Коплімаа, які раней працаваў у амбасадзе Эстоніі ў ЗША і ў прадстаўніцтве сваёй краіны ў NATO, пачаў сваю дзейнасьць у Вільні (Літва) у якасьці прадстаўніка Эстоніі па Беларусі.
«Вось ужо год рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расейскую агрэсію, даючы тэрыторыю, навучаньне, боепрыпасы і рамонт. Добры напамін аб тым, што падтрымка беларускай апазыцыі важная, паколькі рэжым застаецца пагрозай бясьпецы для суседзяў і Эўропы», — напісаў Марка Коплімаа на сваёй старонцы ў Twitter.
Як паведаміў інтэрнэт-партал навін Грамадзкага вяшчаньня Эстоніі, сярод ягоных абавязкаў ня толькі падтрыманьне і ўмацаваньне сувязяў са Сьвятланай Ціханоўскай і яе Кабінэтам, а і назіраньне за падзеямі ў Беларусі, паколькі Эстонія ня мае амбасадара ў Менску і працуе зь мінімальным штатам.