Лінкі ўнівэрсальнага доступу

954 чыстыя прыбыткі «Гомсельмаша», 61 прыбытак МЗКЦ. Колькі КДК зьбірае на штрафах і кампэнсацыях за год


Параўналі «заробленую» на штрафах суму з прыбыткам буйных дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі летась правёў 454 праверкі, 909 маніторынгаў і 34 аўдыты эфэктыўнасьці. Менавіта КДК штрафаваў крамы за павышэньне цэнаў, калі тое забараніў Лукашэнка. Гэтае ж ведамства маніторыла крамы, каб тыя самі не разьбіралі курыцу (Лукашэнка гэта таксама забараніў).

Па выніку ўсіх праверак і маніторынгаў КДК накіраваў у бюджэт 574,8 мільёна рублёў, што ў 2,1 раза больш, чым у 2021 годзе (273 мільёны рублёў). Паглядзелі, ці маюць такія ж высокія паказчыкі прыбытковасьці беларускія заводы ды іншыя прадпрыемствы.

У 12 разоў больш прыбытковы, чым МТЗ

Менскі трактарны завод пакуль не публікаваў справаздачу за мінулы год, але ёсьць вынікі гаспадарчай дзейнасьці за 2021-ы. Тады чысты прыбытак заводу склаў 48,1 мільёна рублёў. Гэта ў 12 разоў менш, чым даходы, якія накіраваў у бюджэт КДК у 2022 годзе, і ў 5,6 раза менш за суму, на якую КДК папоўніў бюджэт у 2021 годзе.

У 954 разы болей, чым «Гомсельмаш»

Прыбытак вытворцы беларускіх камбайнаў, «Гомсельмаша», за 2021 год — 602 тысячы рублёў. КДК прынёс у бюджэт у мінулым годзе болей у 954 разы. У «Гомсельмаша» 1,4 мільярда рублёў даўгоў. КДК спатрэбілася б 2,5 года, каб набраць штрафаў на ўсе даўгі флягмана прамысловасьці па вытворчасьці камбайнаў.

У 61 раз болей, чым МЗКЦ

У 2021 годзе Менскі завод колавых цягачоў зарабіў 9,38 мільёна рублёў (чысты прыбытак). Даходнасьць КДК, які прынёс грошы ў бюджэт дзякуючы штрафам і канфіскацыям, была летась вышэйшая ў 61 раз.

У 71 раз болей, чым у «Спартака»

Вытворца цукерак, шакаляду ды іншай слодычы — фабрыка «Спартак» у 2021 годзе мела 8 мільёнаў чыстага прыбытку. КДК на штрафах і канфіскацыях сабраў у 71 раз болей грошай. Таксама «Спартак» меў 33 220 рублёў даўгоў. Калі ўсю суму, якую КДК сабраў у бюджэт, падзяліць па днях, то атрымаецца, што даўгі «Спартака» кантрольнае ведамства пакрыла б за дзень.

У 4,3 раза больш, чым адміністратыўных штрафаў

У бюджэце на 2022 год чыноўнікі заклалі 132,4 мільёна рублёў штрафаў. Гэта ўсе штрафы, як за праезд без квітка, так і за парушэньне ПДВ ды інш. КДК здолеў сабраць у бюджэт у 4,3 раза болей — 574,8 мільёна рублёў.

У 2,2 раза болей, чым патрацілі на ўвесь беларускі лес

У бюджэце на 2022 год на ўсю лясную гаспадарку Беларусі меліся патраціць 250,2 мільёна рублёў. Гэта ў 2,2 раза меней, чым КДК сабраў штрафаў і канфіскацый.

Утрая болей, чым на ўвесь транспарт

На ўвесь транспарт, паводле бюджэту-2022, выдаткавалі 180 мільёнаў рублёў, або ўтрая меней, чым КДК назьбіраў спагнаньняў у бюджэт.

У 3,6 раза больш, чым траты на культуру

156,7 мільёна рублёў у леташнім бюджэце пайшло на ўсе ўстановы культуры ў Беларусі. Гэта ў 3,6 раза меней, чым КДК здолеў назьбіраць на штрафах ды іншых спагнаньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG