Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катастрофа ў студзені 2021-га. Прэм’ера 3-га сэзону падкасту доктара Мартава


Два гады таму, 7 і 8 студзеня 2021 году, у рэанімацыі Віцебскага шпіталя хуткай дапамогі тройчы на працяглы час спынялася падача кіслароду. Усе пацыенты хірургічнага корпусу, залежныя ад кіслароду, памерлі за некалькі дзён. Чаму гэта адбылося і ці можна было перадухіліць катастрофу?

Гэтаму прысьвечаны 3 сэзон падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19».

У гэтым выпуску вы пачуеце:

  • Як пачынаецца прафэсійнае выгараньне
  • Галоўны доктар просіць Мартава выдаліць крытычны пост з «Жывога журналу»
  • Перабоі з кіслародам робяцца больш частымі і працяглымі
  • Катастрофа. Пацыенты паміраюць
  • Мартаў зьвяртаецца наўпрост да міністра аховы здароўя
  • У адказ прызначаюць камісію, каб «разабрацца з Мартавым»
  • Бутэрброд у чырвонай зоне


«Бесьперапынна зьвінела сыгналізацыя. Дактары і мэдсёстры кідаліся ад палаты да палаты, спрабуючы пасьпець хоць неяк дапамагчы пацыентам, хутчэй, аблягчыць пакуты, бо выратаваць іх было немагчыма. Перавод на ШВЛ пацыентаў з ковідам тады азначаў білет у адзін канец».

Што трэба ведаць пра падкаст доктара Мартава

Хто такі Ўладзімер Мартаў

Доктар-рэаніматоляг Уладзімер Мартаў шмат гадоў быў загадчыкам аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі. Адным зь першых у Беларусі ён адкрыта расказаў пра рэальную сытуацыю з каранавірусам. Вясной 2021 году з доктарам не працягнулі кантракту, бо ён адкрыта гаварыў аб праблемах у мэдыцыне і ў краіне.

У лютым 2022 году Мартава арыштавалі на 7 дзён за бел-чырвона-белы сьцяжок на аватарцы ў Facebook. Празь некалькі месяцаў доктар быў вымушаны часова выехаць зь Беларусі.

Пра што падкаст «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19»

Першы сэзон падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» быў прысьвечаны пачатку пандэміі каранавірусу ў сакавіку 2020 году. Што адбывалася ў рэанімацыі віцебскага шпіталя, як паміралі пацыенты і мэдыкі, як фальшавалі каранавірусную статыстыку — у сямі частках першага сэзону.

Другі сэзон падкасту прысьвечаны другой хвалі каранавірусу ў Беларусі, якая супала зь мірнай рэвалюцыяй пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і брутальных рэпрэсіяў уладаў. Мэдыкі Беларусі сталі значнай і заўважнай часткай мірнага пратэсту. Драматычная падзеі жніўня-сьнежня 2020-га — у сямі частках другога сэзону.

Трэці сэзон падкасту прысьвечаны трагічным падзеям у Віцебскім шпіталі хуткай дапамогі ў студзені 2021 году, якія правялі да сьмерці хворых на каранавірус пацыентаў. Што адбылося насамрэч? Чаму звольнілі загадчыка аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Ўладзімера Мартава? Пра сапраўдныя прычыны катастрофы расказвае сам доктар у чатырох частках трэцяга сэзону.

Як слухаць падкаст доктара Мартава

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Што такое падкаст?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG