У выніку двух новых землятрусаў, якія адбыліся ўвечары ў панядзелак, 20 лютага, на мяжы Турэччыны і Сырыі, загінулі сама меней 11 чалавек, яшчэ больш за 700 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, паведамляе Reuters.
Пра гібель шасьці чалавек у Турэччыне паведаміла са спасылкай на Ўпраўленьне ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў (AFAD) газэта Hurriyet. Яшчэ 294 чалавекі пацярпелі.
Па словах міністра аховы здароўя краіны Фахрэціна Коджы, 18 чалавек атрымалі сурʼёзныя раненьні. Пошукава-выратавальныя работы на месцы разбурэньняў працягваюцца.
У Сырыі, паводле зьвестак тэлеканала Al Arabiya, чатыры чалавекі загінулі пры паніцы ў цісканіне, якая ўзьнікла пры падземных штуршках, у гарадах Алепа і Тартус. Яшчэ адна жанчына, як перадае Sky News Arabia, загінула ў горадзе Латакія, разьмешчаным на ўзьбярэжжы Міжземнага мора.
Як паведамляе Сырыйскі цэнтар маніторынгу за выкананьнем правоў чалавека, сама меней 320 чалавек атрымалі траўмы ў падкантрольных Сырыі раёнах, яшчэ 150 чалавек пацярпелі на паўночным захадзе краіны.