Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы чачэнскі апазыцыйны блогер пацьвердзіў, што жывы. Раней падначаленыя Кадырава гаварылі, што забілі яго


Тумсо Абдурахманаў
Тумсо Абдурахманаў

Тумсо Абдурахманаў выклаў першае відэа на сваім ютуб-канале і пракамэнтаваў замах на сваё жыцьцё.

Галоўны крытык кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава , блогер Тумсо Абдурахманаў, канчаткова пацьвердзіў, што жывы. Ён выклаў у інтэрнэт першае за 2,5 месяца відэа, у якім расказаў, што жывы і здаровы і пракамэнтаваў апошнія навіны.

Ён заявіў, што аднаўляе сваю блогерскую дзейнасьць і цяпер відэа будуць зноў публікавацца рэгулярна.

У новым відэа Тумсо расказаў пра перадапошні замах на яго, калі, як мяркуецца, людзі Кадырава паслалі да яго чалавека з малатком. Блогеру ўдалося адбіцца і перадаць нападніка швэдзкай паліцыі, і таго ўжо асудзілі. Таксама людзі Кадырава, як кажа Тумсо, падаслалі чалавека да ягонага малодшага брата, які жыве ў Нямеччыне. Аднак і тая спроба забойства не ўдалася, і таго нападніка таксама арыштавалі. У відэа Абдурахманаў паказаў фатаздымкі нападнікаў.

Таксама Абдурахманаў успомніў, што 4 гады таму падначаленыя Кадырава авясьцілі яму «кроўную помсту», і тое, што ён дагэтуль жывы, паказвае, што нават у такіх умовах, калі твае праціўнікі маюць фактычна неабмежаваныя рэсурсы, можна пасьпяхова змагацца за праўду і выкрываць сутнасьць кадыраўскага рэжыму.

Акрамя таго, блогер зьвярнуўся ў відэа непасрэдна да Рамзана Кадырава, параіўшы таму заняцца сваім здароўем, бо ён апух, зьнешні выгляд і раптоўнае павелічэньне вагі сьведчаць аб праблемах арганізму.

Тумсо Абдурахманаў перастаў выходзіць на сувязь у першых днях сьнежня 2022 году. Пра гэта паведаміла чачэнская праваабарончая асацыяцыя «Вайфонд», якая знаходзіцца ў Швэцыі. Ужо тады зьявіліся паведамленьні, што блогера маглі забіць, але на той момант гэта не пацьвердзілася. Аднак разам з тым Абдурахманаў рэзка і надоўга зьнік з публічнай прасторы, а падначаленыя Кадырава ў сацсетках з пазнакай «афіцыйна» напісалі пра тое, што Тумсо забіты.

Празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў аб гібелі выданьне «Кавказ. Реалии» напісала са спасылкай на свае крыніцы, што Абдурахманаў жывы, аднак гэтыя заявы ніяк не камэнтавала паліцыя Швэцыі. Адпаведна, інфармацыя пра блогера не пацьвердзілася і многія лічылі яго мёртвым.

Тумсо Абдурахманаў зьехаў з Чачэніі ў 2015 годзе пасьля канфлікту з тагачасным кіраўніком адміністрацыі ўраду Чачэніі Ісламам Кадыравым. Абдурахманаў не прапусьціў ягоны картэж і быў спынены. Чыноўнік паглядзеў тэлефон Тумсо і нібыта знайшоў у ім «экстрэмісцкія матэрыялы». Пасьля гэтага, па словах Абдурахманава, яго неаднаразова сілком утрымлівалі ў доме Іслама Кадырава і пагражалі. Абдурахманаў спрабаваў атрымаць прытулак у Грузіі і Польшчы, але ў абодвух выпадках яму адмовілі.

У сакавіку 2019 году сьпікер чачэнскага парлямэнту Магамед Даудаў па мянушцы Лорд абвясьціў блогеру кроўную помсту і паабяцаў знайсьці яго. Да гэтага Абдурахманаў задаваўся пытаньнем, чаму Ахмат Кадыраў у свой час заклікаў да вайны з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG