Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільярдны доўг і мільённыя страты. Што цяпер зь «Белшынай», дзе затрымалі дырэктара


Вытворчасьць на «Белшыне»
Вытворчасьць на «Белшыне»

14 лютага стала вядома пра затрыманьне дырэктара «Белшыны» Андрэя Бунакова. Глядзім, што зараз адбываецца з буйным вытворцам беларускіх шынаў.

Пра затрыманьне гэндырэктара «Белшыны» Андрэя Бунакова стала вядома зь дзяржаўных СМІ. Паведамлялася, што ён знаходзіцца ў СІЗА і яго падазраюць у карупцыі. Нібыта Бунакоў падпісаў кантракт з расейскай фірмай на пастаўку шынаў ніжэй за сабекошт на 16–20%. Такую інфармацыю агучыў Лукашэнка на нарадзе з Саветам міністраў. Глядзім, што сабой завод уяўляе цяпер і ў якім ён эканамічным стане.

Даўгі і страты

«Белшына» — беларускі завод па вытворчасьці шматпрофільных шынаў для легкавікоў, грузавікоў, звышгабарытных машынаў і транспарту. Па дадзеных на 2021 год, на заводзе працавалі 8239 чалавек. Доля дзяржавы ва ўстаноўчым фондзе прадпрыемства — 84,77%.

«Белшына» не публікуе фінансавыя справаздачы з 2021 году. Ужо ў 2020-м завод працаваў з сур’ёзнымі стратамі. Чыстыя страты тады склалі 216 мільёнаў рублёў. У 2019 годзе — 71 мільён. У 2018 годзе завод таксама меў страты — 144,9 мільёна рублёў.

На 2020 год у заводу было больш за 1 мільярд рублёў даўгоў. Пры гэтым устаноўчы фонд прадпрыемства складае 542 мільёны рублёў, удвая менш за накопленыя даўгі.

Экспарт шынаў у ЭЗ упаў у 8 разоў

У дасанкцыйны 2020 год Беларусь экспартавала шынаў на 245 мільёнаў эўра, вынікае са зьвестак Белстату. З гэтага ў краіны СНД — на 155 мільёнаў эўра, у краіны ЭЗ — на 77 мільёнаў эўра. Асноўным пакупніком беларускіх шынаў у СНД тады была Расея, а ў ЭЗ — Нямеччына, Нідэрлянды і Баўгарыя. Таксама беларускія шыны да вайны актыўна набывала Ўкраіна. На гандлі з паўднёвай суседкай прадпрыемства тады зарабіла 43 мільёны даляраў. Пасьля Белстат закрыў статыстыку па экспарце шынаў, а «Белшына» ў сьнежні 2021 году трапіла пад санкцыі ЭЗ, бо «нясе адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзтва». Накладаньне санкцый было зьвязана са звальненьнем неляяльных да ўлады супрацоўнікаў.

Аднак санкцыі пачыналі дзейнічаць не адразу, мусілі скончыцца старыя кантракты па пастаўках. З гэтай прычыны ў 2022 годзе да ліпеня пастаўкі ўсё яшчэ былі, пасьля спыніліся. Па дадзеных эўрапейскай службы статыстыкі, ЭЗ набыў беларускіх шынаў у 2022 годзе на 9,5 мільёна эўра. Гэта ў 8 разоў менш, чым у дакрызісны 2020 год. Украіна больш не купляе ніякіх беларускіх тавараў.

Згодна з расейскай статыстыкай, у 2021 годзе (пазьнейшых зьвестак няма) Расея набыла ў Беларусі 2,1 мільёна штук шынаў (у 2020 годзе было 2,8 мільёна).

Што з працай на «Белшыне»

Згодна з рэспубліканскім банкам вакансій і рэзюмэ, на «Белшыне» цяпер адкрытыя некалькі сотняў вакансій, аднак заробкі невысокія. Самы вялікі прапануюць прадаўцу-кансультанту ў аддзел продажаў — 1000 рублёў.

Афіцыйны сярэдні заробак па краіне ў сьнежні мінулага году быў прыкладна ўдвая вышэйшы — каля 1900 рублёў. Заробкі па іншых вакансіях на прадпрыемстве яшчэ ніжэйшыя.

Загадчыку складу прапануюць да 710 рублёў (у 2,5 раза менш за сярэдні заробак па краіне), інжынэру-электроніку — 610 рублёў (утрая менш), начальніку сэктару — 750 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG