Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўплывала жаночае выхаваньне». Блогер Максім Паршута патлумачыў, чаму вырашыў расказваць пра мэнструацыю, сэкс і хатні гвалт


 Максім Паршута
Максім Паршута

У вялікай размове са Свабодай блогер, мэдыямэнэджар і актывіст расказвае пра свае праекты і тлумачыць, чаму цяпер важна, каб мужчыны гаварылі аб праблемах і правах жанчын.

Максім Паршута — блогер, медыямэнэджар, актывіст, удзельнічае ў ініцыятыве «Сумленныя людзі», мае свой ютуб-канал «Максимально», дзе размаўляе зь вядомымі беларускамі. Яшчэ ў Максіма ёсьць канал у TikTok, да таго ж ён сувядоўца беларускага падкасту пра сэкс «Паўгадзіны кардыё».

«Я падумаў, што мае інтэрвію могуць „падсьвятляць“ клясных жанчын»

Ідэя каналу «Максимально» нарадзілася даўно. У нейкі момант Максім зразумеў, што хоча рабіць розныя прадукты для жанчын.

«Думаю, паўплывала маё жаночае выхаваньне — мяне выхоўвала мама і дапамагала бабуля. Гэта сфармавала ў мяне глыбокую павагу да жанчын. У працэсе сталеньня я бачыў шмат несправядлівых адносін да жанчын, і мне здалося, што я магу нешта рабіць, каб неяк палепшыць сытуацыю», — кажа Максім Паршута.

Першапачаткова Максім хацеў зрабіць невялікае мэдыя для жанчын у Беларусі, але на гэта патрэбна было вельмі шмат сродкаў. Тады актывіст вырашыў зьбіраць ідэю па частках — рабіць розныя жаночыя праекты, якія ў выніку і сфармуюць жаночае мэдыя.

«Я вырашыў пачаць зь ютуб-каналу, бо адна зь вялікіх праблем — гэта нізкая рэпрэзэнтацыя жанчын у мэдыя. Калі паглядзець розныя дасьледаваньні, то, як правіла, жанчыны ў СМІ прадстаўленыя не як галоўныя гераіні, а хутчэй як ахвяры, другарадныя пэрсанажы, калі яны наогул ёсьць. Атрымліваецца, на галоўных ролях мужчыны, хоць у нас шмат клясных жанчын у ІТ, у эканоміцы, у любой сфэры. Я падумаў, што мае інтэрвію могуць „падсьвятляць“ клясных жанчын».

«Для мяне дзіўна, калі кажуць, што пра мэнструацыю і сэкс, пра хатні гвалт нельга гаварыць»

Разам з Аняй Пяровай Максім вядзе падкаст пра сэкс «Паўгадзіны кардыё». Праз падкаст і праект «Максимально» блогеру часта «прылятае».

«Мы спачатку запусьцілі „Паўгадзіны кардыё“ ў аўдыёфармаце. Знаёмая сказала, што яна ня вельмі добра ставіцца да падкасту: „Яго ж могуць слухаць дзеці, яны разбэсьцяцца і пачнуць займацца ўсялякімі нядобрымі рэчамі“. Для мяне дзіўна, калі кажуць, што пра мэнструацыю і сэкс, пра хатні гвалт нельга гаварыць. Мы жывём у гэтым, і дзіўна замоўчваць тэмы, якія вакол нас. Я буду шчасьлівы, калі сустрэну 10 чалавек, 6 зь якіх не сутыкаліся з хатнім гвалтам. У маёй сям’і быў хатні гвалт з боку бацькі».

Максім Паршута
Максім Паршута

Максім лічыць, што вельмі важна гаварыць на такія тэмы, нармалізаваць іх, каб праблемы вырашаліся.

«Мяне яшчэ ў дзяцінстве забаўляла, калі мае школьныя сяброўкі называлі месячныя „гасьцямі з Краснадару“ ці неяк яшчэ. Мне ўжо тады здавалася, што гэта неяк дзіўна: ну што такога ў слове „месячныя“ ці „мэнструацыя“? Мне здаецца, што якраз важна гаварыць пра такія тэмы, падымаць іх, нармалізаваць. Няма сэнсу маўчаць і чакаць, што нешта разруліцца. Таму трэба гаварыць і вырашаць».

«Патрэбныя мужчыны, якія будуць гаварыць у абарону правоў жанчын»

«Недзе год таму адзін вядомы ў Беларусі блогер спытаў, чаму менавіта жаночая тэма. Кшталту — „павестачка“, мода, „хайпісься-посцісься“? Давялося падрабязна расказаць, што не — проста так склаўся лёс», — усьміхаецца Максім.

«Прылятае» і ад жаночай аўдыторыі, кажа блогер. Але Максім ставіцца да гэтага як да натуральнага працэсу. Як да складанасьцяў, якія ўзьнікаюць, калі спрабуеш нешта зьмяніць у любой сфэры.

«Я кожны раз адчуваю сябе даволі няёмка, калі гавару пра жаночыя праблемы, бо гэта не на 100% мой асабісты перажыты досьвед. Часам прылятае нешта ў фармаце: «А што, нельга было знайсьці жанчыну, каб гаварыць пра нашы праблемы, а не мужчыну? Чаму зноў мужыкі за нас гавораць? Што ты можаш ведаць пра жаночыя праблемы?»

Яшчэ Максім Паршута вядзе свой TikTok. Блогер кажа, што там аўдыторыя вельмі актыўная і камэнтары збольшага пазытыўныя.

«Бывае і нэгатыў — у тым духу, што я ўсё прыдумаў, нічога не разумею і такіх праблем няма, і наогул я не магу гаварыць за жанчын. Акурат апошняе — гэта нармальна, я ўспрымаю гэта абсалютна натуральна і на вельмі шмат адсоткаў падзяляю гэта. Але, зь іншага боку, на жаль, частка мужчын і жанчын успрымаюць словы мужчын больш сур’ёзна. Таму, мне здаецца, усё роўна патрэбныя мужчыны, якія будуць гаварыць у абарону правоў жанчын, якія будуць нармалізаваць пытаньні, якія клясычна, стэрэатыпна лічацца толькі жаночымі».

Максім лічыць, што мужчыны павінны гаварыць на жаночыя тэмы, каб праблемы вырашаліся.

«Вельмі шкада назіраць, што роля жанчын паступова адсоўваецца»

Пасьля падзей 2020 году, яскравага жаночага пратэсту, які павярнуў ход беларускай рэвалюцыі, роля жанчын паступова забываецца, кажа Максім.

«Мне вельмі балюча і сумна. Сапраўды, у 2020-м быў такі вялікі жаночы ўздым, і, мне здаецца, шмат у чым праз жаночы твар перадвыбарнага аб’яднанага штабу. Гэта было вельмі крута, натхняльна, гэта было моцнае проціпастаўленьне вось гэтаму маскуліннаму, агрэсіўнаму, грубаму сьвету Лукашэнкі. Але цяпер вельмі шкада назіраць, што роля жанчын паступова адсоўваецца, бо ўсе разумеюць, што рэвалюцыя рухаецца ня так хутка і эфэктыўна, як многім хацелася б».

Менавіта таму цяпер ідзе запыт на жорсткасьць, цэнтралізацыю, маскулінныя крокі, мяркуе Максім. Блогер зьвяртае ўвагу і на тое, што цяпер у Аб’яднаным пераходным кабінэце таксама ёсьць пытаньні да роляў жанчын.

«Так, у кабінэце ёсьць Аліна Коўшык і Вольга Гарбунова — гэта выдатна. Але давайце паглядзім, якія сфэры ім дадзеныя. Я не кажу, што гэтымі напрамкамі ня трэба займацца, гэта выдатна, што там ёсьць жанчыны. Але гэтыя напрамкі таксама даволі стэрэатыпна жаночыя — культура і сацыяльная сфэра. Вайсковая сфэра, транзыт улады, міжнародныя адносіны — аддадзеныя мужчынам».

«Жанчына можа быць прэзыдэнткай»

На пытаньне, якой Максім бачыць новую Беларусь, ён адказвае так:

«Мы дамагліся роўнасьці ў правах жанчын і мужчын у Беларусі. Нікога не зьдзіўляе, ня трыгерыць, што жанчына можа быць прэзыдэнткай, міністаркай, кіраўніцай шматмільённай кампаніі, шахтаром, кіроўцам, кім заўгодна. У нас ёсьць закон аб хатнім гвалце. У міліцыю можна зьвяртацца, і яны рэальна дапамогуць прэвэнтыўна, а ня ў момант, калі цябе забілі або згвалтавалі. У выпадках гвалту ня скажуць: „Сама вінаватая“».

Максім мяркуе, што беларускае грамадзтва гатовае рухацца далей ва ўсьведамленьне сваёй інтэлігентнасьці і правільнасьці.

«Мы павінны паважліва адно да аднаго ставіцца, незалежна ад полу, гендэру, і прыняць гэтыя налады для сябе па змаўчаньні. Мы павінны ня трыгерыцца на жанчын-кіраўніц, ня думаць, што жаночы посьпех — гэта заўсёды ўклад мужчыны: бацькі альбо партнэра. Ідэальная Беларусь — дзе сацыяльныя рамкі, стэрэатыпы ня скоўваюць цябе, не перашкаджаюць ісьці ўверх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG