Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няшчасныя» беларускі, у якіх усё адбіраюць замежнікі. Пра фантазіі прапагандыста Гайдукевіча


Так уяўляе беларусак за мяжой Алег Гайдукевіч
Так уяўляе беларусак за мяжой Алег Гайдукевіч

Два гады я жыву ў Латвіі, і два гады даведваюся ад беларускіх прапагандыстаў, якая я тут няшчасная. Хто ж яшчэ здыме з маіх вачэй ружовыя акуляры, як не лукашэнкаўскія функцыянэры?

Спачатку яны казалі, што я галадаю, бо ў крамах няма прадуктаў. Потым – што я вось-вось зьмерзну, бо ўзімку ня будзе ацяпленьня. І вось прыйшоў студзень 2023 году, у маёй кватэры +22, у якасьці перакусу я грызу міндаль і чытаю новую жорсткую праўду пра сваё жыцьцё, раскрытую чарговым служкам рэжыму Лукашэнкі.

Аказваецца, я тут нікому не патрэбная, ніхто мяне ня возьме замуж і ня будзе траціць на мяне ні капейкі. Усё, што застаецца – шукаць беларуса ці расейца, каб здабыць у іх хоць нейкіх грошай. Адкуль у іх у ЭЗ грошы, праўда, няясна. Мужчыны ж таксама тут галадаюць, мерзнуць і вось-вось пачнуць есьці галубоў, хамякоў і ўвогуле ўсё, што падвернецца пад руку. Ці Алег Гайдукевіч мае на ўвазе, што беларусы, у адрозьненьні ад мясцовых мужчын, падзеляцца апошнім пацуком на раёне?

Так і ўяўляю: выходжу я на вуліцу, там паўсюль мясцовыя чакаюць, калі ў мяне можна будзе «ўсё забраць, выкарыстаць і выкінуць на памыйку», і толькі высакародныя беларусы і расейцы, высока падняўшы галаву, праходзяць міма, трымаючы ў руках сьвежую здабычу. Я праводжу іх галодным позіркам, па шчацэ маёй павольна сьцякае сьляза.

Зразумеўшы, што і сёньня мне не пашанцавала, бо беларусаў і расейцаў на ўсіх не хапае, я іду ў адзінае ў гэтай частцы горада месца, дзе ёсьць інтэрнэт, і з апошніх сіл шукаю інфармацыю, як зьвярнуцца ў адмысловую камісію і даведацца, на якіх умовах Лукашэнка прыме мяне назад у Беларусь.

Ну сур’ёзна, гэта неяк так усё мусіць выглядаць? Здаецца, Гайдукевіч глядзеў зашмат нізкасортных сэрыялаў і і начытаўся вільготных фантазій ананімаў у інтэрнэце, якія ўпэўнены, што адзіная мэта жаночага жыцьця – знайсьці сабе мужчыну, які будзе даваць грошы і – калі асабліва пашанцуе – ажэніцца.

«Які лёс яе чакае? Жудасны лёс. Каму яна трэба? Замуж ня возьмуць, эўрапейцы падмануць, ім жонка ня трэба, яны грошы ня трацяць на дзяўчат», – кажа беларускі чыноўнік. Але на каго гэта ўвогуле разьлічана? На мітычных беларусак, якія едуць у ЭЗ у пошуках багатага мужа, каб быць да яго прыдаткам? Вось Гайдукевіч зьдзівіцца, калі аднойчы даведаецца, што жанчыны ў эміграцыі звычайна хочуць незалежнасьці, каб з партнэрам, калі такі зьявіцца, быць для радасьці, а не таму, што ён жыцьцёва неабходны, каб аплаціць рахункі.

Досьвед жыцьця ў залежнасьці ад жаданьняў аднаго мужчыны ўжо ёсьць ва ўсіх беларусак. Дзякуй, больш ня трэба. Хопіць з нас Лукашэнкі, які лічыць сябе і бацькам, і Богам, і адзінай крыніцай чужога шчасьця. Вядома ж, сярод беларусак, якія зьехалі за мяжу, знойдзецца нейкая колькасьць тых, хто хоча патрыярхальных стасункаў, у якіх яна прыгожая, а ён багаты, але гэта, будзем шчырымі, дужа далёка ад мэйнстрыму. Усё ж залежнасьць ад чужога гаманца – рэч не самая прыемная і прадказальная. І зусім непрывабная, калі ёсьць больш устойлівыя альтэрнатывы.

Хоць што гэта я разышлася! Гайдукевічу лепей ведаць, як нам тут жывецца і што ўвогуле трэба жанчынам.

Пайду яшчэ пачытаю навіны. Мо, хтосьці з прапагандыстаў ужо распавёў, дзе ў ЭЗ можна прадаць парачку сваіх органаў, каб не памерці ад голаду, пакуль чакаеш свайго расейца альбо беларуса.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG