Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне выставілі падазрэньне беларусу з ПВК «Вагнэр», якога ўзялі ў палон


Рэкляма ПВК «Вагнэр» у Сімфэропалі, анэксаваны Расеяй Крым. Студзень 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Рэкляма ПВК «Вагнэр» у Сімфэропалі, анэксаваны Расеяй Крым. Студзень 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі Андрэй Г. расказаў украінскаму сьледзтву пра катаваньні, пазбаўленьне грашовага забесьпячэньня і забойствы «вагнэраўцаў» за невыкананьне загадаў.

Сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны выставілі ўзятаму ў палон грамадзяніну Беларусі Андрэю Г., які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр», падазрэньне ва ўдзеле ў якасьці найміта ў збройным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях.

Згодна з ч. 4 артыкула 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны Андрэю Г. пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

У СБУ паведамілі, што сабралі неабходныя доказы ягоных злачынных дзеяньняў.

Андрэй Г. падпісаў кантракт з расейскай ПВК «Вагнэр» у ліпені 2022 году, каб зарабіць грошай, а ў лістападзе ён ужо трапіў ва ўкраінскі палон.

Да палону грамадзянін Беларусі браў удзел у баях на бахмуцкім кірунку. Яго перакінулі ва Ўкраіну пасьля 10-дзённага курсу баявой падрыхтоўкі ў адным з трэнавальных лягераў ПВК «Вагнэр».

СБУ паведамляе, што падчас сьледчых дзеяньняў грамадзянін Беларусі даў сьведчаньні аб ваенных злачынствах расейскіх войскаў і ваенізаваных груповак, а таксама ўстаноўчыя зьвесткі асобаў, датычных да іх. У СБУ паведамілі таксама, што ён расказаў сьледзтву пра катаваньні, пазбаўленьне грашовага забесьпячэньня і забойствы за невыкананьне злачынных загадаў.

Андрэю Г. 34 гады. Пасьля школы ён працаваў у калгасе, а потым служыў прапаршчыкам у брыгадзе сувязі вайсковай часткі 68473 у Калодзішчах. Пасьля службы працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.

Гэта другі грамадзянін Беларусі, які ваяваў на баку Расеі супраць Украіны і трапіў ва ўкраінскі палон. Першаму — Максіму Зязюльчыку, якога летась у верасьні ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы пры вызваленьні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёну Данецкай вобласьці, ужо вынесьлі вырак. Суд асудзіў яго на 10 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў ва ўдзеле ў якасьці найміта ў збройным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях (ч. 4 артыкула 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG