Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе аб’яднаныя адной ідэяй — вызваліць Беларусь і вярнуцца дамоў». Выйшаў фільм-рэпартаж пра полк Каліноўскага


Паказ фільму «Полк Каліноўскага: надзея на перамогу» у Варшаве
Паказ фільму «Полк Каліноўскага: надзея на перамогу» у Варшаве

Пагутарылі зь яго аўтарамі — блогерам Усяславам Пашкевічам і апэратарам Сяргеем Сідаровічам. Пра паездку ва Ўкраіну, уражаньні ад здымак, а таксама чаму гэты фільм важны.

Ідэя стварыць фільм «Полк Каліноўскага: надзея на перамогу», які ўжо можна паглядзець у адкрытым доступе, зьявілася ў рэдакцыі праекту «Это Минск, детка». Там працуюць блогер «Тутэйшы Шляхціч» Усяслаў Пашкевіч і апэратар Сяргей Сідаровіч. Стужку ўжо пасьпелі паказаць у Кракаве, Беластоку, Варшаве і Катавіцах. А цяпер яе можа пабачыць у адкрытым доступе на YouTube.

«Мы заўважылі праблему: нямала беларусаў не разумеюць, што такое полк Каліноўскага. Таму мы спрабавалі зьнішчыць бар’ер непаразуменьняў, канфліктаў. Мы хацелі паказаць, што хаваецца ў галовах каліноўцаў, іхныя гісторыі, як яны трапілі ў полк, чым раней займаліся, якія ў іх мэты, што хочуць рабіць далей», — тлумачыць адзін з аўтараў і стваральнікаў фільму блогер Усяслаў Пашкевіч.

Усяслаў Пашкевіч са сьпікеркай «Чабор»
Усяслаў Пашкевіч са сьпікеркай «Чабор»

Усяслаў кажа, што сам быў моцна ўражаны знаёмствам зь беларускімі добраахвотнікамі.

«Я сам не чакаў, што сустрэнуся асабіста зь сьпікеркай полку Каліноўскага „Чабор“. Яна такая энэргічная, харызматычная жанчына, якая ўмее натхняць і падбадзёрваць, беларускамоўная. У палку ўсе такія патрыятычныя, нацыянальна арыентаваныя — гэта вельмі крутыя людзі. Раней яны былі нашымі беларускімі актывістамі, а цяпер яны на вайне і прагнуць штосьці зрабіць для вызваленьня Беларусі. Ёсьць баец „Булак“, які ўжо тры гады глядзіць мой канал „Тутэйшы Шляхціч“. Мне было вельмі прыемна зь ім размаўляць, ён добра ведае беларускую гісторыю».

У палку ёсьць і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, кажа Ўсяслаў.

«Там ёсьць чэх — і ён проста „ваў“! Ёсьць людзі, нібыта народжаныя быць ваярамі. І вось гэты чэх — сапраўдны ваяр, чалавек трывалы, моцны, харызматычны, але пры гэтым вельмі сьціплы ў размове. На полі бою зь ім лепш не сутыкацца, але калі ты побач зь ім, на ягоным баку, то гарантавана ўсё будзе добра. Уражвае, што там сабраліся максымальна розныя людзі: учорашнія айцішнікі, студэнты, будаўнікі, дызайнэры. У кожнага зь іх свая гісторыя, характар, сьветапогляд, але яны ўсе аб’яднаныя адной ідэяй — вызваліць Беларусь і вярнуцца дамоў».

Падчас здымак фільму
Падчас здымак фільму

«Ты разумееш, што менавіта тут гінулі людзі падчас штурму»

Апэратар фільму Сяргей расказвае, што каліноўцы ставіліся да іх з Усяславам максымальна прыязна.

«Нам дазволілі здымаць, расказалі, чаго нельга рабіць, што можна. Каліноўцы ўсе максымальна прыязна ставіліся. Хоць мы не асабліва доўга былі ў Кіеве, дзён 10, але атмасфэра была проста цудоўнай. Размовы байцоў так натхнялі, што мы з Усяславам пэрыядычна жартавалі, што вось пагаварылі — і цяпер хочацца самім ісьці ў полк ваяваць», — усьміхаецца Сяргей.

На думку Ўсяслава, наадварот, спачатку да іх паставіліся насьцярожана.

«Хтосьці казаў, што мы тыктокеры. Спікерка полку „Чабор“ нас вельмі цёпла сустрэла, шчыры ёй дзякуй. Яна і іншыя каліноўцы зь вялікай шчырасьцю нам дапамаглі, паказвалі, расказвалі. Яны самі былі радыя, што мы прыехалі, што робім такую працу. Каліноўцы стараюцца, але ўсё роўна ўзьнікаюць канфлікты, і ім самім маральна бывае цяжка, што яны рызыкуюць сваім жыцьцём, ратуюць жыцьці іншым людзям, беларускае імя, гонар. Але ўзьнікае нейкае непаразуменьне, празь якое некаторыя беларусы ня вельмі добра выказваюцца пра полк».

Усяслаў Пашкевіч (справа) з байцом з пазыўным «Булак»
Усяслаў Пашкевіч (справа) з байцом з пазыўным «Булак»

Сяргей кажа, што фільм атрымаўся амаль такім, як і чакалі, хоць ад пачатку былі складанасьці.

«Самае складанае было тое, што ў нас у камандзе не было апэратара. Быў Усяслаў, які здымаў ролікі на TikTok і Youtube. І мне, хоць я займаюся мантажом, допісамі, давялося выконваць ролю апэратара, давялося ўсяму гэтаму навучыцца літаральна на месцы. Вось гэта было цяжка. У пэўныя дні прыходзілася здымаць на нагах з 9 раніцы да позьняга вечара».

«Мне пачало сьніцца, што на мяне ляцяць ракеты»

Падчас здымкаў здарылася нечаканая сытуацыя, якая вельмі ўразіла Ўсяслава і Сяргея. А таксама надала фільму яшчэ больш эмацыйнасьці.

«Калі мы здымалі (адзін з эпізодаў. — РС) на „Сан Марына“ (гатэль, дзе адбываліся баі з удзелам байцоў полку Каліноўскага. — РС), да нас падышоў мясцовы жыхар і пытаецца: „Хлопцы, вы ўкраінскае мэдыя?“ Мы сказалі, што мы беларусы, робім фільм пра полк Каліноўскага. Тады ён з такой радасьцю нас сустрэў, паціснуў рукі і казаў: „Давайце я вам усё раскажу, я быў відавочцам тых падзеяў“. Ён вельмі эмацыйна апавядаў, мы былі самі ўражаныя, што ў нас ёсьць такі матэрыял. Нават у палку Каліноўскага, калі глядзелі, сказалі, што гэта крута, бо ўсе словы таго мужчыны максымальна кранаюць сэрца», — кажа Ўсяслаў.

«Калі я сказаў, што я валянтэр полку Каліноўскага, паліцыянт адразу зьмяніўся ў твары»

За час знаходжаньня ў Кіеве на Ўсяслава і Сяргея была толькі станоўчая рэакцыя з боку ўкраінцаў.

«Некаторыя ўкраінцы казалі, што разумеюць, што Лукашэнка — гэта дыктатар, які закатаваў беларускі народ, што гэта антыбеларускі рэжым і нам трэба яго перамагчы. А былі тыя, якія ня ведалі пра існаваньне беларускай мовы. Здараліся казусы сьмешныя, калі думалі, што мы размаўляем украінскай, але зь вельмі моцным акцэнтам».

Усяслаў Пашкевіч ва Ўкраіне
Усяслаў Пашкевіч ва Ўкраіне

Усяслаў таксама прыгадвае гісторыю, як яго зь Сяргеем правярала паліцыя.

«Нас сустрэла на варце паліцыянтка, мы паразмаўлялі, і яна сказала: „Він гарно говорить українською“. Нехта з супрацоўнікаў дадаў, што гэта беларуская мова, а іншыя сказалі: „Дык мы чуем, што тут штосьці ня так!“ У пастарунку нас адвялі на допыт і адзін паліцыянт насуплена сказаў: „Чё ты тут делаешь?“ Калі я сказаў, што я валянтэр полку Каліноўскага (у мяне нават была афіцыйная папера), ён адразу зьмяніўся ў твары і з усьмешкай дадаў, што ўсё добра».

Сяргей дадае, што ўкраінцы вельмі станоўча ставяцца да полку Каліноўскага.

«Сваякам каліноўцаў вельмі цяжка, бо іхныя родныя рызыкуюць сваім жыцьцём, а на іх ідзе столькі нэгатыву»

Сваякі некаторых беларускіх добраахвотнікаў дзякавалі нам за працу, кажа Ўсяслаў.

«У самой Беларусі людзям звычайным, якія жывуць у вёсках, мястэчках, пэцкаюць мазгі лукашэнкаўскай прапагандай. Маўляў, полк Каліноўскага — гэта радыкалы, бандыты. Людзі пачынаюць у гэта верыць, і сваякам вельмі цяжка, бо іхныя родныя рызыкуюць жыцьцём, а на іх ідзе столькі нэгатыву. На паказе былі і каліноўцы, якія адслужылі. Усе шчыра дзякавалі за фільм, казалі, што гэта выключна важная праца, каб даносіць да шырокага кола беларускай аўдыторыі праўду, што гэта за людзі, чаго яны хочуць дасягнуць».

Фільм-рэпартаж «Полк Каліноўскага: надзея на перамогу» можна паглядзець на youtube-канале праекту «Это Минск, детка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG