Ноўтбук мае працэсар Intel Core-i7. Аб гэтым кампанія паведаміла на сваім сайце. Ноўтбук з чатырох’ядравым працэсарам з частатой да 5 Ггц, 16 Гб апэратыўнай памяці і SSD назапашвальнік на 512 Гб.
У якасьці перадусталяванай апэрацыйнай сыстэмы ў ноўтбуку H-book 15 MAК4 (T74E4W) выкарыстоўваецца Windows 11 Home. Мадэль аснашчана двухканальным Wi-Fi 5 AC, Bluetooth 5.1, двума USB 3.0 Type-A, адным USB Type-C (перадача дадзеных), портам HDMI 1.4, аўдыёгняздом і слотам для картак памяці.
Акумулятар, як запэўнівае вытворца, дазволіць выкарыстоўваць ноўтбук у аўтаномным рэжыме да 8 гадзін, у гэты час карыстальнік зможа прайграваць відэа ў фармаце Full HD і займацца онлайн-сэрфінгам. Пры максымальнай нагрузцы, напрыклад, пры праграмаваньні ці працы ў CAD-сыстэмах, зарадкі хопіць на 4 гадзіны.
Каштуе H-book 15 MAК4 (T74E4W) 2599 рублёў.
Першы «беларускі» ноўтбук Аляксандар Лукашэнка асабіста прадставіў 1 верасьня 2022 году на «адкрытым уроку». Тэхнаблогер Wylsacom знайшоў кітайскі ноўтбук ITEL Spirit 2, падазрона падобны да «беларускага» H-book.
«Што да задняй часткі, раздымаў, усіх астатніх элемэнтаў — гэта той жа самы кампутар. І сабраны ён дакладна гэтак сама. У яго тая ж клявіятура, тая ж налепка на корпусе, той жа надпіс DTS, пра які мы з вамі гаварылі ў беларускім «макбуку», — адзначаў Wylsacom.
Пры гэтым у інтэрнэт-краме «беларускі ноўтбук» каштаваў на 180 даляраў даражэй за кітайскі. Сярод тэхнічных адрозьненьняў былі батарэя, дадатковая антэна і назапашвальнік SSD. Сярод запчастак, якія дакладна беларускай вытворчасьці, блогер адзначыў блёк сілкаваньня.
Пачаць сэрыйную вытворчасьць «беларускіх ноўтбукаў» хацелі ў лістападзе, але пазьней тэрміны перанесьлі на сьнежань. У 2023 годзе плянуюць выпусьціць каля 80 мадэляў.