6 лютага ў Берасьцейскім абласным судзе пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Сумара Аляксандра Васілевіча, ураджэнца Лунінца, у сярэдзіне нулявых ён працаваў экспэртам-крыміналістам. Апошнім часам жыў у Маскве, піша «Вясна».
Па вэрсіі абвінавачваньня, Сумар у якасьці адміністратару тэлеграм-чату «Жыве Лунінец!» зьдзейсьніў такую колькасьць супрацьпраўных дзеяньняў, што яму выставілі ажно 5 крымінальных артыкулаў. У выніку 9 лютага мужчыне прысудзілі 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
70-гадоваму пэнсіянэру-«тэрарысту» дадалі яшчэ паўгода зьняволеньня ў новай справе
У судзе Дзяржынскага раёну агучылі прысуд 70-гадоваму пэнсіянэру зь Нясьвіжа Васілю Дземідовічу — адзін год зьняволеньня са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады).
Паколькі раней палітвязьня ўжо асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі, шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова яму прысудзілі 6,5 года калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 2 710 рублёў.
У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў «тэрарыстычны сьпіс» — цяпер ён самы пажылы беларускі «тэрарыст». З гэтай прычыны яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму. За кратамі пэнсіянэра ўтрымліваюць ужо прыкладна год.