У лістападзе Іран таемна паставіў Расеі як мінімум 18 узброеных бесьпілётнікаў далёкага радыюсу дзеяньня для ўдараў па Ўкраіне, аб гэтым паведамляе The Guardian са спасылкай на іранскія крыніцы, знаёмыя з продажам бесьпілётнікаў, іх магчымасьцямі і асаблівасьцямі вытворчасьці.
Па словах суразмоўцаў газэты, Расея атрымала шэсьць дронаў «Мохаджэр-6» з далёкасьцю палёту каля 200 км і двума ракетамі пад кожным крылом, а таксама дванаццаць дронаў «Шагед-191» і «Шагед-129» з мадыфікаваным нямецкім рухавіком — яны могуць скідаць бомбы і вяртацца на базу. Большая частка бесьпілётнікаў была тайна пагружаная на расейскі катэр у Касьпійскім моры, астатнія адправілі дзяржаўнай іранскай авіякампаніяй.
Таксама, па расказе суразмоўцаў газэты, Іран накіраваў у Маскву 54 тэхнічныя спэцыялісты: па тры на кожны бесьпілётнік, каб яны дапамаглі ўвесьці дроны ў эксплюатацыю. Паведамляецца, што апошні бесьпілётнік быў пастаўлены на ўзбраеньне 20 лістапада.
Крыніцы адзначаюць, што дроны былі адпраўлены пасля лістападаўскага візыту расейскай дэлегацыі зь дзесяці чалавек — «празь некалькі дзён пасьля таго, як кіраўнік МЗС Ірану Хасейн Амір Абдалахіян упершыню прызнаў пастаўкі іранскіх бесьпілётнікаў Расеі».