Пасьля катастрафічнага землятрусу на мінулым тыдні колькасьць загінулых на поўдні Турэччыны і на поўначы Сырыі перавысіла 33 тысячы чалавек.
Сілавікі ў краіне арыштавалі шэраг будаўнічых падрадчыкаў, зьвязаных з абваленымі будынкамі, а Міністэрства юстыцыі стварыла бюро расьсьледаваньня злачынстваў, зьвязаных зь землятрусам, піша New York Times.
Некалькімі гадамі раней урад Турэччыны прасунуў заканадаўства, якое дазваляе ўладальнікам нерухомасьці дараваць парушэньні ў будаўніцтве, не прыводзячы свае будынкі ў адпаведнасьць з кодэксам. Іншымі словамі, патрабаваньні да якасьці будаўніцтва зьнізілі.
Экспэрты ў будаўніцтве кажуць, што арыштаваныя будаўнікі не маглі завяршыць свае праекты без узгадненьняў з чыноўнікамі, якія дагэтуль пазьбягалі кантролю за магчымае ўхваленьне няякасных работ, і што сапраўдная віна ляжыць на ўрадзе. У цяперашні час больш за 130 чалавек будуць судзіць за ўдзел у працы з будынкамі, якія разбурыліся пры землятрусе.
Выданьне падкрэсьлівае, што будаўніцтва было рухальнай сілай палітыкі эканамічнага разьвіцьця турэцкага ўраду, і многія зь вядучых будаўнічых магнатаў краіны маюць сувязі з прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам або яго кіроўнай Партыяй справядлівасьці і разьвіцьця.
Прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары пройдуць у Турэччыне 14 траўня. Палітычныя аглядальнікі кажуць аб тым, што цяпер рэйтынг Эрдагана можа ўпасьці.